Валянціна Вяжэвіч: закон у Беларусі існуе толькі для іншадумцаў
Закон у Беларусі існуе для іншадумцаў, каб на кожным кроку іх можна было пакараць, сарваць з іх паболей грошай у выглядзе штрафаў. А вось для некаторых катэгорый грамадства законаў быццам і не існуе, ім можна не тое што капаць, але і будаваць без дазволу, захопліваць дзяржаўную маёмасць, і за гэта нічога не будзе. Так пракаментавала актывістка БХД Валянціна Вяжэвіч сітуацыю са штрафам у дачыненні да маладафронтаўцаў за зняцце “3,5 квадратных метра пладаноснага слою ў лесе”.
У якасці прыкладу дзеяння прынцыпу “сябрам усё, ворагам – закон” яна прыводзіць сітуацыю, калі ў вёсцы Крылава Менскага раёна невядомыя пабудавалі з’езд з бетоннай дарогі і дарогу ад яго даўжынёй каля 50 метраў ды шырынёй каля 3-х метраў. Траву разам з урадлівым слоем проста засыпалі пяском, у выніку чаго было змарнавана 150 квадратных метраў сенакосу. Усё гэта адбылося без усялякага дазволу, у тым ліку, без адводу зямлі пад той з’езд і дарогу, аб чым сведчаць лісты Гаранскага сельвыканкама ды Спецыялізаванай інспекцыі. Акрамя ўсяго, яшчэ і бяспека руху пагоршылася.
Але суд Менскага раёна замест таго, каб узбудзіць справу аб незаконным будаўніцтве, згаданыя дакументы праігнараваў, быццам іх і не было ў судовай справе. Бо новы з’езд узнік узамен існуючага, які аказаўся перакрытым зямельным участкам, нададзеным грамадзяніну Ралько А.А. мясцовымі ўладамі, і, замест з’езда агульнага карыстання, ператварыўся ў асабісты з’езд таго ж грамадзяніна. У судовую справу Гаранскім сельвыканкамам была прадстаўлена выкапіроўка з плана мясцовасці вёскі Крылава, якая адрозніваецца ад арыгіналу, выдадзенага Дзяржкартгеацэнтрам, але і на гэта ўвага суда не была звернута, бо наданнем зямельнага ўчастка Ралько ўзаконіўся каналізацыйны калодзеж, пабудаваны ім на зямлі Гаранскага сельсавета без дазволу на тое, ды яшчэ і ў водаахоўнай зоне вадасховішча “Крылава”, з якога падаецца пітная вада ў Фрунзенскі і Маскоўскі раёны горада Менска.
Гэты ж Ралько на зямлі сельсавета пабудаваў яшчэ і вадаправодны калодзеж таксама без дазволу, аб чым сведчыць ліст Гаранскага сельвыканкама, у якім гаворыцца, што ордэр на земляныя работы не выдаваўся.
“Той жа суд Мінскага раёна замест таго, каб аштрафаваць за незаконнае будаўніцтва, незаконны захоп зямлі пад будаўніцтва ды прымусіць знесці незаконную пабудову, адабраў у мяне зямельны ўчастак, нададзены мне ў часовае карыстанне для выпасу сяльгасжывёлы, на якім аказаўся той вадаправодны калодзеж Ралько. Акрамя таго, яшчэ і зрабіў мяне адказнай за прыняцце Гаранскім сельвыканкамам рашэння аб выдзяленні мне гэтага ўчастка, у выніку чаго спагнаў з мяне судовыя выдаткі на карысць Ралько у памеры каля 10 мільёнаў рублёў. Вось Вам і Закон!” – падкрэслівае Валянціна Вяжэвіч.