БХД і праваабаронцы заклікаюць абараніць іранца-хрысціяніна ад пагрозы смяротнага пакарання
49-гадовы іранец Мехрдад Джамшыдыян Махамед, які прыняў хрысціянства і пражывае ў Беларусі, знаходзіцца пад пагрозай высылкі ў Іран, дзе яму пагражае смяротнае пакаранне. На прэс-канферэнцыі ў Мінску 26 верасня сустаршыня БХД Павал Севярынец і праваабаронцы Алесь Міхалевіч і Раман Кісляк заявілі, што Мехрдад падвяргаецца рызыцы пераследу па рэлігійных і палітычных матывах, бо перайшоў з ісламу ў хрысціянства і неабгрунтавана абвінавачваецца ў Іране ў нібыта здзейсненым ім двайным забойстве – сваёй маці і брата.
Павел Севярынец падкрэсліў, што высылка Джамшыдыяна ў Іран пагражае яму арыштам, катаваннямі і смяротным прысудам, і ўдзельнікі прэс-канферэнцыі хочуць звярнуць увагу беларускай і сусветнай грамадскасці на пагрозу жыцця чалавека, які стаў хрысціянінам, ужо больш за 20 гадоў жыве ў Беларусі, займаецца бізнэсам, мае жонку і траіх дзяцей, у тым ліку непаўнагадовую дачку і сына з цяжкай формай анкалагічнага захворвання (усе яны грамадзяне Беларусі), паведамляе карэспандэнт Krynica.info.
Удзельнікі прэс-канферэнцыі адзначылі, што неабходна прыкласці максімум намаганняў, каб выратаваць жыццё чалавека і прадухіліць пагражаюче яму смяротнае пакаранне, і распавялі пра тое, што ўжо робіцца для гэтага. Планавалася, што сам Джамшыдыян Мехрдад таксама возьме ўдзел у прэс-канферэнцыі, але ён не прыйшоў, мабыць, мяркуючы, што гэта можа пагоршыць яго сітуацыю, адзначыў Павел Севярынец.
Як ужо паведамляла Крыніца 15 верасня, Мінскі гарадскі суд пакінуў у моцы рашэнне аб адмове ў наданні статусу бежанца іранцу Джамшыдыяну і яго ў любы момант могуць выслаць на радзіму. Раней 4 ліпеня суд Цэнтральнага раёна Мінска пакінуў у моцы рашэнне МУС адмовіць Джамшыдыяну ў наданні статусу бежанца.
У Беларусі Джамшыдыян жыве з 1993 года, у 2002 годзе ён прыняў хрысціянства ў баптысцкай царкве. Павел Севярынец паведаміў, што днямі правядзе сустрэчу з прадстаўнікамі пратэстанцкіх цэркваў з тым, каб скаардынаваць з імі дзеянні па абароне Джамшыдыяна.
На прэс-канферэнцыі нагадалі, што Джамшыдыян быў абвешчаны ў вышук і ўнесены ў базу вышуку Інтэрпола па заяве Ірана аб тым, што ён нібыта забіў сваіх брата і маці ў верасні 2012 года. Іранец сцвярджае, што не забіваў родных, і таму ёсць доказы, у тым ліку і афіцыйныя дадзеныя аб тым, што з Ірана Джамшыдыян выехаў у апошні акурат 25 жніўня 2012 года.
Таксама яго пляменніца і другі брат падалі ў паліцыю Ірана пісьмовую заяву пра тое, што не падазраюць Джамшыдыяна Мехрдада ў забойстве, і прасілі спыніць крымінальную справу. Яны лічаць, што забойства было здзейснена па палітычных матывах, бо загінулы брат Ісмаіл быў членам апазіцыйнай партыі «Зялёная рэвалюцыя».
Аднак больш за год Джамшыдыян ў сувязі з запытам іранскага боку правёў пад вартай, пакуль праваахоўнікі ў Беларусі вырашалі, што з ім рабіць. Генпракуратура двойчы адмаўлялася выдаць яго іранскаму боку.
Юрыст Цэнтра падтрымкі бежанцаў Алесь Міхалевіч паведаміў, што вядзецца камунікацыя з камісіяй па файлах Інтэрпола аб тым, каб выключыць Джамшыдыяна Мехрдада з базы міжнароднага вышуку.
Праваабаронца Раман Кісляк адзначыў, што ў Камітэце па правах чалавека зарэгістравана паведамленне ад імя Джамшыдыяна аб парушэнні Беларуссю артыкулаў 6,7,9, 14,17 і 23 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Камітэт па правах чалавека выказаў беларускаму боку сваё меркаванне ў адпаведнасці з пунктам 94 Правілаў працэдуры Камітэту пра ўжыванне тэрміновых мер – не высылаць Джамшыдыяна ў Іран да разгляду справы Камітэтам. Па словах Кісляка, разгляд гэтага пытання можа прайсці на вясновай сесіі. Таму, калі беларускія ўлады прымуць рашэнне выслаць Джамшыдыяна – а гэта будзе ўласна экстрадыцыя пад выглядам дэпартацыі, трэба, каб якая-небудзь дзяржава надала яму часовы статус бежанца, пакуль пытанні будуць разглядацца і ў Камітэце па правах чалавека, і ў Інтэрполе і ён зможа атрымаць неабходную абарону.
Прадстаўніцтва Вярхоўнага камісара па справах бежанцаў ААН у Беларусі праводзіць працэдуру праверкі падстаў для прызнання за Джамшыдыянам статусу бежанца.