Віталь Рымашэўскі прапануе павялічыць тэрмін пакарання за фальсіфікацыю выбараў
27 верасня ў Менску адбыўся круглы стол “Як спыніць фальсiфiкацыi і вярнуць людзям права выбару”. У ім прынялі ўдзел лідары Правацэнтрыскай кааліцыі, прадстаўнікі дэмакратычных палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Былі абмеркаваныя прапановы, распрацаваныя кампаніяй «Права выбару», у якую ўваходзіць большасць незалежных дэмакратычных арганізацый.
Таксама сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі ўнёс прапановы пра змены ў Крымінальны Кодэкс.
«Заканадаўства за фальсіфікацыю выбараў павінна быць больш жорсткім. Сёння старшыні камісій, адказныя за гэта злачынства, могуць абысціся толькі штрафам, а максімальны тэрмін даўніны – пяць гадоў. Я прапаную зрабіць пакаранне больш жорсткім: да дзесяці гадоў пазбаўлення волі для ўдзельнікаў фальсіфікацый, каб адначасова і павялічыць тэрмін даўніны, у які можна ўзбудзіць крымінальную справу за парушэнне закону. Бо старшыні камісіі, здзяйсняючы злачынствы, адчуваюць сваю поўную беспакаранасць. А дзесяць гадоў – гэта даволі вялікі тэрмін. І людзі павінны ведаць, што іх могуць прыцягнуць да адказнасці. Гэта будзе дадатковым стымулам для іх падумаць над тым, ці рабіць фальсіфікацыі», – адзначыў ён.