Таццяна Севярынец: дыялог у Віцебску не атрымаўся (фота)
26 кастрычніка ў Віцебску каля помніка Уладзіміру Караткевічу сабраліся жыхары горада, якія хацелі паставіць подпіс пад зваротам да кіраўніка краіны, які даў згоду на будаўніцтва ў парку Партызанскай славы аналага полацкага сабора святой Сафіі.
Людзі заяўлялі, што будаўніцтва звязана са знішчэннем гістарычнай зоны Віцебска, і прапанавалі пабудаваць сабор у іншым месцы. Пратэстоўцаў сабралося каля сотні. Прыйшоў настаяцель будучага храма айцец Міхаіл і настаяцель Дабравешчанскай царквы, паведаміла каардынатар аргкамітэту БХД у Віцебску і Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец.
“Хаатычна і неспакойна прайшла размова. Акрамя ўсяго, людзі разумеюць, што Руская Праваслаўная Царква – дах для дзеяння на Віцебшчыне “рускага міру”, таму нават гучалі воклікі “Чамадан-вакзал-Расея”. Як не спрабаваў айцец Міхаіл запэўніць жыхароў, што парк не пацерпіць, а стане больш прыгажэйшым, нават дабраславёным месцам, людзі не верылі і выказвалі гэты недавер. Так і пайшлі кожны пры сваім. Падчас дыялогу прыйшлося святарам выслухаць і шмат прэтэнзій да самой Праваслаўнай Царквы”, – адзначыла яна.