Анатоль Астапенка: Мікола Ермаловіч – чалавек, які вярнуў беларусам гісторыю (фота)
У Маладзечне адбылося другое па ліку паседжанне гісторыка-патрыятычнага Клубу імя Андрэя Цікоты, арганізаванага “Маладым Фронтам”. Сустрэча з пісьменнікам, навукоўцам, сябрам Нацыянальнай Рады БХД Анатолем Астапенкам была прысвечаная жыццю і дзейнасці славутага беларускага гісторыка Міколы Ермаловіча.
Як адзначыў у сваім выступе Анатоль Астапенка: “Мікола Ермаловіч адкрыў нам вочы на сапраўдную гісторыю Беларусі. Ён абверг ілжывы тэзіс расейскіх і летувіскіх гісторыкаў пра заваяванне жамойтамі беларускіх зямель у ХІІІ стагоддзі і паказаў беспадстаўнасць распаўсюджанага меркавання аб атаясамленні старажытнай Літвы з сучаснай Літвой. Ён даказаў, што беларусы – аславяненыя балты, а не збалтызаваныя славяне, і што Вялікае княства Літоўскае было беларускай дзяржавай. Пасля Ермаловіча наша гістарыяграфія зрабілася прынцыпова іншай, чым яна была раней”.
“Мікола Ермаловіч – гонар нашай нацыі, падмурак як тэорыі, так і практыкі беларускага нацыяналізму ХХ стагоддзя. Я лічу, што мне вельмі пашанцавала быць паплечнікам і суразмоўцам чалавека такога магутнага таленту і бясконцай праўды. І пакуль “наўчоныя мужы” спрачаюцца, быў ці не быў Мікола Ермаловіч вучоным гісторыкам (ён жа не меў навуковых ступеняў!) – гістарычная навука ўпэўнена крочыць поруч з ягонымі гістарычнымі адкрыццямі, а новыя пакаленні маладых людзей з захапленнем чытаюць ягоныя кнігі і адкрываюць сабе нанова міф аб літоўскай заваёве”, – падкрэсліў Анатоль Астапенка.
У другой частцы вечара маладзечанскі музыка Ілля Санько прадставіў прысутным прыгожы акустычны выступ.
А напрыканцы сустрэчы госці клубу займелі магчымасць атрымаць асобнік кнігі Анатоля Астапенкі з аўтографам аўтара – “Мікола Ермаловіч – той, хто вярнуў нам гісторыю”. Кніга з серыі “100 выдатных дзеячаў” выйшла 2 гады таму ў выдавецтве “Харвест”.