Павел Севярынец на сустрэчы з прадстаўніком МЗС Аўстрыі нагадаў аб нерэгістрацыі БХД
Палітычны дырэктар Федэральнага міністэрства па пытаннях Еўропы, інтэграцыі і міжнародных спраў Аўстрыі Аляксандр Маршык падчас візіту ў Мінск 11 кастрычніка сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.
Пра гэта паведаміў БелаПАН старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
У сустрэчы таксама прынялі ўдзел сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец, палітолагі Андрэй Ягораў і Дзяніс Мельянцоў, старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак і іншыя.
Па словах Лябедзькі, сярод удзельнікаў сустрэчы ёсць дамоўленасць не раскрываць падрабязна яе змест. “Магу сказаць толькі пра тое, што я перадаў еўрапейскаму чыноўніку англамоўны варыянт заявы 87 кандыдатаў у дэпутаты на парламенцкіх выбарах ад правацэнтрысцкай кааліцыі, а таксама ад БСДП (Грамада) і Беларускай партыі “Зялёныя”. І лічу, што гэта найбольш моцнае пасланне па выніках выбарчай кампаніі”, – сказаў лідар АГП.
Ён таксама паведаміў Маршыку аб прапановах правацэнтрыстаў, якія тычацца выбудоўвання ўзаемаадносінаў з Беларуссю, у сувязі са старшынствам Аўстрыі ў АБСЕ ў 2017 годзе. “Мы лічым, што неабходна засяродзіцца на патрабаванні правядзення свабодных і сумленных выбараў”, – дадаў старшыня АГП.
Павел Севярынец праінфармаваў госця з Аўстрыі аб палітычным становішчы ў Беларусі, падкрэсліў, што выбары былі татальна сфальсіфікаваныя, а рэпрэсіўная сутнасць рэжыму не змянілася. Была агучана праблема фатальнай залежнасці Лукашэнкі ад Расеі і пытанне нерэгістрацыі БХД.
Напярэдадні Маршык сустрэўся з намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Аленай Купчыной. Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, у прыватнасці, былі абмеркаваны пытанні супрацоўніцтва ў рамках АБСЕ ў сувязі з будучым старшынствам Аўстрыі, развіцця дыялогу па лініі Беларусь – Еўрасаюз, а таксама праблематыка рэгіянальнай бяспекі. “Пацверджана дамоўленасць аб цесным узаемадзеянні дзвюх краін у 2017 годзе падчас аўстрыйскага старшынства ў АБСЕ і старшынства Беларусі ў Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятыве”, – сказана ў паведамленні МЗС.