У Віцебску прыпынілі будаўніцтва на месцы парку (фота)
13 кастрычніка адбылася прызначаная віцебскімі ўладамі сустрэча з грамадзянамі, якія падпісалі калектыўны зварот супраць будаўніцтва копіі полацкага Сафійскага сабору ў парку Партызанскай славы Віцебска. Гарвыканкам накіраваў на размову з жыхарамі намесніка галоўнага архітэктара Віцебска Леаніда Багданава, начальніка жыллёва-камунальнага аддзела гарвыканкама Сяргея Саглаева ды спецыяліста ідэалагічнага аддзела Андрэя Бялецкага. Ініцыятараў будаўніцтва храму не было.
На сустрэчу прыйшло больш за сто чалавек. Яны патрабавалі будаваць храм у іншым месцы, а парк пакінуць у спакоі, адзначалі, што будаўніцтва вядзецца на расейскія грошы, ды нагадвалі, што раней у Віцебску была знішчаная Плошча Перамогі, паведаміла каардынатар аргкамітэту БХД у Віцебску Таццяна Севярынец.
Леанід Багданаў спрабаваў распавесці пра шыкоўнасць праекту будучага храма, але яго не хацелі слухаць, мяркуючы, што будаўніцтва знішчыць парк.
Апроч таго, плануемая шасціпалосная дарога па вуліцы Чэхава знішчыць таксама помнік архітэктуры 19-га стагоддзя, дзе месціцца музей легендарнага партызанскага камбрыга Міная Шмырова, помнік Уладзіміру Караткевічу, ды палову парку, які пасля вайны пасадзілі гараджане.
Чалавека, які спрабаваў прачытаць паэтычны опус, дзе ўхваляецца ўлада, асвісталі. Між тым яшчэ 77 чалавек падпісаліся пад зваротам у абарону парка, музея і помніка.
У выніку Леанід Багданаў заявіў, што будаўніцтва прыпыненае ў сувязі з пратэстамі людзей. Наступную сустрэчу ён паабяцаў арганізаваць у памяшканні з мікрафонамі, каб было добра чуваць выступоўцаў. Людзі ж вырашылі не спыняцца і збірацца па панядзелках каля Караткевіча, каб раіцца і вырашаць, як адстаяць парк.