Віталя Рымашэўскага за лозунг “Жыве Беларусь!” аштрафавалі на 40 базавых
Суд Ленінскага раёна Менска 17 кастрычніка аштрафаваў сустаршыню аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталя Рымашэўскага на падставе п. 3 арт. 23.34 КаАП за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў 12 верасня.
П. 3. арт. 23.34 КаАП прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 20-50 базавых велічынь альбо адміністратыўнага арышту. Падставай для штрафу стала адно фота адміністратыўных здымак з Кастрычніцкай плошчы і сведчанні двух міліцыянтаў, што сустаршыня БХД выкрыкваў лозунг “Жыве Беларусь!”. Пры гэтым яны пацвердзілі, што ніхто з удзельнікаў акцыі не парушаў парадак.
“Такі вырак – гэта ганьба для беларускай судовай сістэмы і для Беларусі як еўрапейскай краіны. Людзей, якія не парушалі грамадскі парадак, якія проста сабраліся на цэнтральнай плошчы, якая ўмяшчае 20 тыс. чалавек, абмяркоўвалі вынікі выбараў і выгуквалі патрыятычныя лозунгі, караюць штрафамі”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.