Сябры БХД прэзентавалі ў Менску “Беларускую хрысціянскую азбуку”

24 кастрычніка 2016 17:58  |  Грамадства

Сябры БХД прэзентавалі ў Менску “Беларускую хрысціянскую азбуку”

Сябры Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Вольга і Канстанцін Севярынцы правялі 22 кастрычніка ў Менску прэзентацыю “Беларускай Хрысціянскай Азбукі”. Агулам у імпрэзе ўзялі ўдзел больш за 70 чалавек, сярод якіх – сустаршыня БХД Павел Севярынец, адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі з сям’ёй, прэс-сакратар БХД Максім Гацак з сям’ёй.

Дзіцячая кніга-размалёўка «Беларуская хрысціянская азбука» — кніга, выдадзеная на ахвяраванні многіх добрых людзей, якія любяць Бога і сваю краіну, а таксама клапоцяцца пра годнае выхаванне дзетак-беларусаў, паведамляе Krynica.info.

Арганізатары пастараліся, каб прэзентацыя адбылася ў святочнай атмасферы: заля была поўная, на свята многія прыйшлі ўсёй сям’ёй разам з дзеткамі.

Адчыніў мерапрыемства выступ дзіцячага хора з супольнасці «Новае жыццё»: дзеткі прачыталі вершыкі з «Азбукі» і саспявалі песенку.

Сярод выступоўцаў на прэзентацыі прысутнічалі аўтар вершаў Кастусь Севярынец і аўтарка малюнкаў Аляксандра Дзежыц. Фонам выступаў была шумная, напоўненая радасцю, дзіцячая гамана.

Кастусь Севярынец адзначыў, што на напісанне гэтай «Азбукі» ён меў вялікае натхненне, рыфмы і рытмы даваліся вельмі лёгка, а нарадзілася ідэя кнігі з супольнага чытання Бібліі на Раство.

Наведала прэзентацыю і старшыня Рады «Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская.

На прэзентацыі спонсары выдання маглі атрымаць свае падарункі: кнігі, сертыфікаты на фотасесію і магніцікі. Аўтары ахвотна раздавалі аўтографы. На свяце працавала фотазона і дзіцячы куточак.

Далей свята было аддадзена ў рукі цудоўнай «Альтанкі для чытанкі», якая расказала дзеткам казку і правяла цікавыя майстар-класы.

Арганізатары свята спадзяюцца, што “Беларуская хрысціянская азбука” будзе для дзетак не проста размалёўкай, але падорыць многім беларускім сем’ям добрую традыцыю чытання, а таксама дапаможа на першых кроках спазнання Госпада.

Болей навін