Прыступкі да помніка Караткевічу ў Віцебску адрамантуюць цягам двух тыдняў
Прыступкі да помніка Уладзіміру Караткевічу ў Віцебску адрамантуюць цягам тыдня-двух. Пра гэта ініцыятару кампаніі “Віцебск-горад наш”, каардынатару аргкамітэта БХД па Віцебску і Віцебскай вобласці Таццяне Севярынец паведаміў намеснік аддзелу па ідэалогіі і культуры горада Анатоль Мядзвецкі.
Працы будзе весці гарадское РБУ, дадзеныя адпаведныя ўказанні. 24 кастрычніка аддзел культуры даследаваў стан помніка, прыступак, прынятае рашэнне аб рамонце.
Напярэдадні Таццяна Севярынец сустракалася з Мядзвецкім, каб высветліць, у каго на балансе стаіць помнік, каб было да каго звярнуцца па дазвол адрамантаваць прыступкі сіламі гараджан. Тады адказу не было, але было абяцанне высветліць цягам пару дзён – і абяцанне сваё Мядзвецкі выканаў. Зараз помнік будзе належыць УП “Зелянбуд”.
“Вельмі прыемна, што сярод чыноўнікаў горада ёсць адказныя неабыякавыя людзі. Дарэчы, дамовіліся разам адсвяткаваць дзень народзінаў Уладзіміра Караткевіча каля адрамантаванага помніку 26 лістапада”, – адзначыла Таццяна Севярынец.