Дзень усіх чарцей

29.10.2016, 19:33  |  Галоўныя навіны, Жывая кніга Паўла Севярынца, Грамадства

Дзень усіх чарцей
Летась напрыканцы кастрычніка выходжу з метро на “Пушкінскай” – то тут, то там гурбы падлеткаў, размаляваных чарцямі. Бегаюць, равуць, ашчэрваюцца на мінакоў. Не зразумееш, жартам ці не – бо некаторыя відавочна п’яныя ці абкураныя.

Людзі ідуць міма, прычым бачна: бедныя беларусы стараюцца моўчкі паўтараць пра сябе – “А можа, так і трэба?”.

Маскі, гарбузы, хэлоўінскія вечарыны, пік злачынстваў, учыненых пад спайсамі… Хто-небудзь можа патлумачыць, чаму пад маркай колішняга “Дня ўсіх святых” адбываецца масавае адурэнне тынэйджараў і адзначаецца Дзень усіх чарцей?

У Беларусі гэта заўсёды быў час Дзядоў. Ціхі, сумны і светлы.  Саветы затоптвалі яго “Седьмым ноября”, днём крывавай рэвалюцыі і велічэзных дэманстрацыяў. Зусім побач – расстрэльны дзень 1937-га, калі гэбісты адным махам вынішчылі сто прадстаўнікоў нашай нацыянальнай інтэлігенцыі.

Чвэрць стагоддзя таму здавалася, што савецкія чэрці, нарэшце, праваліліся ў сваё пекла. Не – глядзіш, зноў павылазілі, хіба толькі з іншай нары.

Падлеткам хочацца павыдурняцца, а часам і выскаліцца на ўвесь свет, разумею, узрост такі. У кожным чалавеку змалку рыецца дробненькі такі чорцік ці варочаецца паўнавартасны бес. Але задача выхавання – вучыць юных абломваць гэтым унутраным дэманам рогі ды іклы, не даваць злу прарывацца ў свет скрозь цябе.  Дык навошта ўводзіць ноч трыумфуючага д’ябла ў  моду? У норму? У “традыцыю”?

Словам, сябры. Лічу, што так званы “Хэлоўін” трэба гнаць з Беларусі паганай мятлой. З асяроддзя сем’яў, з кампаніяў сяброў, з вуліцаў. Ну яго к чорту. Як і выскаленых зомбі, каторым нават маскаў апранаць не трэба – з крывавымі сьцягамі ля помнікаў Леніну на сёмага лістапада.

Хадзем лепей на Дзяды. У Курапаты. Да крыжоў.

Krynica.info

Крыніца: s

Навіны па тэме