У Слоніме звольнілі з працы актывіста БХД Алеся Масюка
24 кастрычніка быў апошнім працоўным днём для грамадскага актывіста са Слоніма Алеся Масюка, які працаваў педагогам у Слонімскім раённым цэнтры дзіцяча-юнацкага турызму (ЦДЮТ) і навучаў школьнікаў асновам турызму. Прычынай звальнення, па словах Алеся Масюка, стала наступная сітуацыя:
“Справа ў тым, што напачатку кастрычніка мне прапанавалі паехаць у складзе дэлегацыі хрысціянскіх дэмакратаў Беларусі з навучальным візітам у Нарвегію па запрашэнні Хрысціянска-дэмакратычнай партыі Нарвегіі (KrF). Мэтай паездкі было вывучэнне досведу працы арганізацыі аховы здароўя ў Нарвегіі на нацыянальных, рэгіянальных і муніцыпальных роўнях. Вядома ж, мне было цікава пазнаёміцца з замежным досведам. Таму я пагадзіўся паехаць у Нарвегію, бо быў упэўнены, што ніякіх праблем на працы ў мяне не будзе. Бо спецыфіка гуртковай працы дазваляе пры неабходнасці пераносіць заняткі турыстычнага кружка з аднаго дня на іншы. Таму за тыдзень да паездкі ў Нарвегію я звярнуўся з пісьмовай заявай да дырэктара ЦДЮТ з просьбай прадаставіць мне некалькі дзён адпачынку без захавання заработнай платы (за свой рахунак). Я шчыра распавёў дырэктарцы, для чаго мне патрэбен адпачынак і быў упэўнены, што ніякіх праблем не ўзнікне. Таксама я сказаў, што, нягледзячы на тое, што мяне не будзе некалькі дзён, я да канца месяца адпрацую ўсе неабходныя гадзіны. Але дырэктарка адмовілася падпісаць маю заяву. Прычынай гэтаму было тое, што гэта паездка звязана з палітыкай. Аднак адмовіцца ад паездкі я ўжо не мог па прычыне таго, што ўжо былі куплены квіткі на праезд і забраніравана пражыванне ў гасцініцы. Таму я некалькі разоў прасіў дырэктарку падпісаць заяву, аднак у адказ пачуў ужо новыя прычыны, з-за якіх мне не могуць падпісаць заяву. Але я звальняцца не збіраўся, бо мне падабаецца займацца турызмам. Таму я вырашыў пайсці да начальніка аддзела адукацыі спорту і турызму Слонімскага райвыканкама з просьбай аказаць садзейнічанне ў рашэнні дадзенага пытання. На жаль, я дапамогі не атрымаў, а толькі даведаўся пра новыя прычыны, з-за якіх мне не могуць прадаставіць водпуск за свой рахунак. Каб неяк вырашыць гэта пытанне я вырашыў яшчэ пайсці на прыём да старшыні Слонімскага райвыканкама. Але, на жаль, нічога я і там так і не вырашыў. Нягледзячы на тое, што мне не прадаставілі адпачынак за свой рахунак, я ўсё ж паехаў у Нарвегію. Да апошняга я спадзяваўся, што мяне не звольняць, а прыменяць у адносінах да мяне іншае дысцыплінарнае спагнанне. Па прыездзе з Нарвегіі я пайшоў на працу, але дырэктарка сказала мне, што я звольнены за прагулы. На маю просьбу пакінуць мяне на працы, быў атрыманы адмоўны адказ. Калі я паведаміў школьнікам, якія займаліся ў мяне ў гуртках пра тое, што больш заняткаў па турызме не будзе, яны вельмі расхваляваліся, некаторыя нават заплакалі. Дзеці не хацелі верыць у гэта, думалі, што я жартую. Яны і сёння спадзяюцца, што заняткі гуртка хутка адновяцца. Нават маці аднаго з маіх вучняў паведаміла мне, што хадзіла да дырэктара турбазы і прасіла, каб мяне аднавілі на працы. Таксама да дырэктара хадзілі школьнікі, якія займаліся ў мяне турызмам, і прасілі вярнуць мяне на працу. У абодвух выпадках адказ быў адмоўны”.
Трэба адзначыць, што Алесь Масюк адпрацаваў у Слонімскім раённым цэнтры дзіцяча-юнацкага турызму амаль восем год. Перад тым, як Алеся звольнілі, ён вёў тры гурткі, у якіх удзельнічалі каля 40 школьнікаў. І яшчэ. Сёлета Алесь Масюк быў кандыдатам у дэпутаты па Слонімскай выбарчай акрузе № 58.