Правацэнтрысты абмеркавалі план дзеянняў
31 кастрычніка прайшла Рада Асамблеі народных прадстаўнікоў. Па выніках сустрэчы мы папрасілі выказацца лідараў Правацэнтрысцкай кааліцыі.
Анатоль Лябедзька: «Абмеркавалі шэраг актуальных пытанняў. У прыватнасці, аб магчымасці і перспектыве ўзаемадзеяння з іншымі дэмакратычнымі арганізацыямі. У нас добрае ўзаемадзеянне з партыяй “Зялёныя”. Будзем актыўна працаваць па эканамічнай праблематыцы. 16 лістапада адбудзецца пасяджэнне экалагічнай камісіі АНП ў фармаце круглага стала. Гэта можа стаць мадэльным праектам, як узаемадзейнічаць з розным палітычнымі арганізацыямі.
Абмеркавалі падрыхтоўку да беларуска-літоўскіх міжпартыйных кансультацый, якія пройдуць на наступным тыдні ў Вільні. У Літве прайшлі выбары, істотна абнавіўся склад літоўскага парламента, так што самы час гаварыць аб магчымым узаемадзеянні.
Юрась Губарэвіч: «Абмеркавалі будучую акцыю 7 лістапада. Сёння-заўтра атрымаем адказ на нашу афіцыйную заяўку з Мінгарвыканкама. Мерапрыемства адбудзецца пры любым адказе уладаў. Ілюзіяў няма, бо ў Мінску дазволы выдае камуніст Карпенка, а ў маштабах краіны спіс святаў фармуе левы Лукашэнкі».
Віталь Рымашэўскі: «Для нас застаецца актуальнай камунікацыя з людзьмі. Плануем да канца года наведаць шэраг рэгіёнаў Беларусі, каб падтрымаць сябраў АНП і правесці сумесныя мерапрыемствы і акцыі ў рэгіёнах».