Павел Севярынец: Асамблея – стратэгічны праект народнага прадстаўніцтва
У Беларусі, акрамя афіцыйнага парламента, ёсць цяпер і “ценявы”: правацэнтрысцкая кааліцыя стварыла альтэрнатыўны праект народнага прадстаўніцтва і спадзяецца аб’яднаць на адной пляцоўцы ўсю беларускую апазіцыю. На што разлічваюць правацэнтрысты і якім чынам будзе працаваць Асамблея, “Беларускі партызан” пагаварыў з сустаршынёй аргкамітэта па стварэнні БХД Паўлам Севярынцам.
Каля 70 экс-кандыдатаў у дэпутаты ад правацэнтрысцкай кааліцыі, якія прымалі ўдзел у парламенцкіх выбарах 2016 года, аб’ядналіся ў Асамблею народных прадстаўнікоў (АНП), устаноўчы сход якой адбылося 6 кастрычніка ў Мінску. У новае аб’яднанне ўвайшла таксама абраная ў парламент прадстаўніца АГП Ганна Канопацкая, на якую ўскладаюцца вялікія надзеі ў плане прасоўвання заканадаўчых ініцыятыў у афіцыйны парламент.
Прадстаўнікі Асамблеі заяўляюць, што працягнуць працу з выбаршчыкамі і будуць рыхтаваць новыя альтэрнатыўныя законапраекты. Разам з тым эксперты пакуль скептычна ацэньваюць гэтую ініцыятыву, а некаторыя лідары апазіцыі называюць Асамблею бессэнсоўнай гульнёй у парламент.
На што разлічваюць правацэнтрысты, якім чынам будзе працаваць аб’яднанне і ці ёсць у Асамблеі шанец стаць агульнанацыянальнай апазіцыйнай пляцоўкай? Пра гэта “Беларускі партызан” пагаварыў з сустаршынёй аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўлам Севярынцам.
– Ідэя “ценявога парламента” не новая: пасля разгону Лукашэнка Вярхоўнага Савета 13-га склікання былыя дэпутаты стварылі свой парламент, але далей за распрацоўку альтэрнатыўных законапраектаў “у стол” справа не пайшла. На што разлік у гэты раз?
– Свята месца пуста не бывае. Калі няма рэальнага парламента, то любая палітычная актыўнасць будзе круціцца вакол ідэі народнага прадстаўніцтва. Напрыклад, у 2010 годзе хрысціянскія дэмакраты на мясцовым узроўні стварылі Раду народных прадстаўнікоў, якія ўдзельнічалі ў мясцовай кампаніі. Больш за 130 чалавек з’ядналіся, каб весці мясцовую працу.
Цяпер гэтак жа – парламента няма, ўсе 110 дэпутатаў прызначаныя, у тым ліку два дэпутаты апазіцыйнага толку, таму безумоўна, ідэя вісіць у паветры. Наколькі яна будзе ажыццёўлена – гэта пытанне да тых, хто ўвайшоў у гэтую Асамблею. Перадумовы, каб гэта быў паспяховы палітычна праект, ёсць, таму што незадаволенасць уладай велізарная, прызначаныя дэпутаты не працуюць з людзьмі, у выніку ёсць поле для таго, каб наладзіць альтэрнатыўны цэнтр народнага прадстаўніцтва.
– Гэта аб’яднанне называецца Асамблеяй Народных Прадстаўнікоў, але яго членаў народ не выбіраў, гэтак жа, як і дэпутатаў у афіцыйны парламент.
– Юрыдычна і строга кажучы – так, не абіраў. Але адрозненне паміж прадстаўнікамі Асамблеі і прызначанымі дэпутатамі ў тым, што першыя жадаюць працаваць, дапамагаць выбаршчыкам у сваёй акрузе. Па аб’ёме праведзенай работы, калі пакласці на шалі, то АНП пераважыць палату прадстаўнікоў у некалькі да разоў. Што яшчэ казаць, калі папярэдняя палата прадстаўнікоў ініцыявала ўсяго некалькі законапраектаў, усё астатняе ішло з адміністрацыі прэзідэнта. У Асамблею ўвайшлі людзі, якія складалі раней дзясяткі законапраектаў.
Гэта значыць па-першае, гэта людзі з заканадаўчым вопытам, па-другое, з рэальнай працай па сваёй акрузе. Практычна кожны, хто прысутнічае ў Асамблеі, мае за плячыма некалькі дзясяткаў канкрэтных спраў. Але падкрэслю яшчэ раз: само аб’яднанне, сама пляцоўка – гэта толькі пачатак, яна яшчэ нічога не дае. За гэтым павінны стаяць рэальныя справы, кампаніі, і на наш погляд як хрысціянскіх дэмакратаў, як раз такія шматлюдныя кампаніі, накіраваныя на канкрэтныя пытанні ў агульнанацыянальным маштабе, могуць даць вагу гэтай Асамблеі. Без іх яна будзе проста чарговы дэкаратыўнай пляцоўкай.
– У стратэгіі АНП два асноўныя напрамкі: распрацоўка прапаноў па рэфармаванні краіны і правядзенне кампаніі па іх рэалізацыі. Па другім пункце вялікія надзеі ўскладаюцца на Ганну Канапацкую, якая таксама ўваходзіць у Асамблею і ў будучыні можа спрыяць унясенню законапраектаў у афіцыйны парламент. Якія яшчэ механізмы будуць задзейнічаны? Якім чынам будзе праводзіцца кампанія па прасоўванні альтэрнатыўных законапраектаў?
– Ганна Канапацкая, як і Алена Анісім – гэта толькі адна з магчымасцяў. Завязваецца ўсё не на іх. Асамблея ствараецца не як калектыўны памочнік прызначаных дэпутатаў. Тут іншая канцэпцыя. Мы спрабуем стварыць народны парламент, бло рэальнага парламента няма. Адзін з магчымых хадоў – падача законапраектаў праз палатку. Але гэта, на мой погляд, не самы эфектыўны шлях.
У хрысціянскіх дэмакратаў ёсць вопыт правядзення некалькіх кампаній, якія завяршыліся змяненнем заканадаўства. Палата прадстаўнікоў там выступала толькі як прамежкавы этап. Напрыклад, забарона рэкламы магіі і акультызму мы лабіравалі з дапамогай цэркваў. Царкоўныя іерархі ў гэтым пытанні апынуліся больш эфектыўнымі лабістамі, чым дэпутаты палаты. Або, да прыкладу, змены ў законе аб ахове здароўя, дзе ішла гаворка пра сведчанні да абортаў. Асноўная праца таксама ішла міма палаты прадстаўнікоў – праз арганізацыі пралайф, цэрквы. Змены, якіх мы дасягнулі ў барацьбе з алкагалізмам, мы рабілі праз мясцовыя органы ўлады, у выніку ў дзясятках гарадоў ўвялі абмежаванні ў продажы алкаголю. Іншая справа, што Лукашэнка перад “выбарамі” 2015 года адным махам вярнуў усё на ранейшыя пазіцыі.
У нас ёсць пазітыўны вопыт змяненняў заканадаўства. Хоць пад ціскам сённяшняй сістэмы даводзіцца прадпрымаць каласальныя намаганні, каб змяніць мінімальныя пазіцыі ў заканадаўстве. Справа гэта няўдзячная, вастрыць яе толькі на тое, што мы будзем дробнымі крокамі дасягаць дробных пераменаў – неэфектыўна. Калі Асамблея пойдзе толькі па гэтым шляху, то толку будзе няшмат. А вось шырокая праца з людзьмі, дапамога людзям у праблемных пытаннях – гэта мае перспектыву. Таму на першым месцы – рэальныя кампаніі па ўсёй краіне, а не палата прадстаўнікоў.
Гэта стратэгічная праца па меншай меры на некалькі гадоў. Бліжэйшая тактыка – гэта праца па акругах, вылучэнне некалькіх кампаній, якімі зоймецца Асамблея (усё гэта будзе абмяркоўвацца і выбірацца) і далучэнне індывідуальных або калектыўных удзельнікаў да Асамблеі. Гэта заўсёды вельмі цяжка, але пакуль я не бачу іншага шляху. Няма парламента, няма мясцовых органаў улады, прэзідэнт прызначыў сам сябе, з гэтага трэба выходзіць. І іншага выйсця акрамя як праект народнага прадстаўніцтва няма.
– Вы прылічылі да дэпутатаў “апазіцыйнага толку” у парламенце і намесніка старшыні “Таварыства беларускай мовы” Алену Анісім. Наколькі карэктна адносіць яе да апазіцыі?
– І Алена Анісім, і Ганна Канапацкая пагадзіліся ўдзельнічаць у гэтай гульні, імі было прынята рашэнне, што яны прымаюць гэтыя правілы. Яны патрапілі ў цяжкую сітуацыю. Разам з тым, Алена Анісім – чалавек нармальных беларускіх поглядаў, гэтак жа як і Ганна Канапацкая. Асабіста да іх нейкіх прэтэнзій няма. Але ўсё, чаго змогуць дасягнуць і Алена, і Ганна, у першую чаргу залежыць ад іх саміх. Мне здаецца, шуму вакол гэтага нашмат больш, чым магчымасцяў. Але калі Ганна або Алена змогуць стаць з нашымі сцягамі на чужой тэрыторыі – тэрыторыі рэжыму – гэта будзе маленькая перамога. Вялікіх перамог і прарываў я там не чакаю. Трэба глядзець на развіццё падзей, дачакацца вясны, каб рабіць нейкія высновы.
– У АНП ўваходзяць прадстаўнікі толькі трох структур – АГП, аргкамітэт БХД і Рух “За свабоду”. У той жа час Мікалай Статкевіч стварыў Кангрэс дэмсілаў, а БНФ наогул адасобіўся і ідзе сваім шляхам. Ці не стане АНП аб’яднаннем дзеля аб’яднання?
– Асамблея адкрыта для пашырэння. Але жаданне далучыцца да Асамблеі будзе залежаць ад актыўнасці самой Асамблеі. Цяпер няма такога, што абвясцілі нейкую ідэю, усе пабеглі і далучыліся. Беларусы не такія людзі, гэта павінна быць рэальная праца, прычым праца не на некалькі месяцаў, а на некалькі гадоў. Паколькі праект стратэгічны, спадзяюся, за некалькі гадоў да Асамблеі далучацца і іншыя партыі, і асобныя людзі.
Іншых падобных пляцовак няма. Пляцоўка Кангрэса дэмсіл у меншай ступені падобная на парламент. Там ёсць рэгіянальныя аддзяленні, але яны не працуюць па прынцыпе акругаў. Спадзяюся, усё гэта ў рэшце рэшт аб’яднаецца, бо і Кангрэс, і Асамблея адстойваюць адну ідэю незалежнасці і дэмакратыі.
– Мікалай Статкевіч даволі рэзка раскрытыкаваў АНП, адзначыўшы, што гэта проста гульня ў парламент, і праект ствараецца пад аднаго дэпутата, прызначанага Лукашэнкам. Вы лічыце, што можна рэальна аб’яднаць апазіцыю і што ў Асамблеі ёсць шанец стаць агульнанацыянальнай пляцоўкай? Пасля прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў у такое слаба верыцца.
– Пры сённяшнім пакаленні і генерацыі лідараў, якія ёсць у апазіцыі, дасягнуць аб’яднання будзе неверагодна цяжка. Мне гэта не ўдалося, па суб’ектыўных і аб’ектыўных прычынах. Але як веруючы чалавек, я веру, што цуды здараюцца. Я абсалютна перакананы, што калі мы будзем ўнутрана гатовыя – і працаваць разам, і быць салідарнымі, і дзейнічаць маральна, дадаткова будзем падрыхтаваны ў плане законапраектаў, каб ведаць што рабіць – Бог дасць нам гэтую краіну. І пытанне, калі ўсё зменіцца, залежыць не ад Лукашэнкі, не ад Расеі, усё залежыць толькі ад нас. Пакуль жа мы не гатовыя.
– Апазіцыя сябе дыскрэдытавала ў вачах грамадства і Захаду. Пры гэтым еўрапейскія палітыкі ўсур’ёз гатовыя на супрацоўніцтва з афіцыйным Менскам. Бундэстаг на афіцыйным узроўні будзе працаваць з беларусамі парламентам. У лістападзе Еўрапарламент прыме рэзалюцыю па Беларусі. Гучаць размовы аб зняцці санкцый. Што рабіць у такой сітуацыі апазіцыі?
– Што тычыцца Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП), па ўзроўні візітаў гэты год быў беспрэцэдэнтным. У Мінску пабываў генеральны сакратар ЕНП Антоніе Лопэс-Істурыс. 1 верасня ў Мінск па запрашэнні правацэнтрысцкай кааліцыі прыязджаў прэзідэнт Еўрапейскай народнай Жазэф Доль. Ён, а гэта партыйны начальнік Ангелы Меркель, лідараў хрысціянскіх дэмакратаў, кансерватыўных партый сярод кіраўнікоў еўрапейскіх дзяржаў, заняў прынцыповую пазіцыю: выбараў у Беларусі няма, гэта спектакль. Падобная ацэнка была і з боку самой Еўрапейскай народнай партыі. На палітычным узроўні падтрымка, якая супадае з бачаннем правацэнтрыстаў, ёсць.
Іншая справа, больш прагматычныя еўрапейскія палітыкі ў двухбаковых адносінах наладжваюць масты з сённяшнім рэжымам. Што рабіць у такой сітуацыі? Абапірацца на свой уласны народ і на Госпада Бога. На мой погляд, галоўным матывам, галоўным маторам, стрыжнем дзейнасці дэмакратычных сіл у самой Беларусі павінна быць апора на народ. Пачынаючы ад кампаній і заканчваючы фінансаваннем. Гэта значыць збіраць сродкі ўнутры Беларусі на змены ў тым ці іншым напрамку, у цэлым на працу становіцца першараднай задачай. Сыход ад замежнага фінансавання – стратэгічны шлях для беларускіх дэмакратычных сіл.
– У беларускай палітыцы нібыта цяпер адліга. Вы адчуваеце гэта на сабе? Вам лягчэй працаваць? Вы на днях паведамілі, напрыклад, што атрымалі адначасова адразу шэсць позваў у суд.
– Бывалі часы і цяжкія, і лёгкія. Нельга сказаць, што гэты час адрозніваецца ад таго, што я бачу апошнія гадоў 20, з 1996 года. Але да ўсяго гэтага стаўлюся з гумарам. Усё залежыць ад таго, адкуль рэжым хоча атрымаць крэдыты. Калі з Расіі – то закручваюць гайкі, надыходзяць часы ператрусаў, разгонаў акцый і гэтак далей. Калі ўлада хоча выманіць грошы з Еўропы – нам спакайней і вальней. Зараз мы назіраем за еўрапейскай часткай марлезонскага балета.