Прыступкі да помніка Караткевічу ў Віцебску адрамантаваныя
Прыступкі да помніка Уладзіміру Караткевічу ў Віцебску ўжо адрамантаваныя. Пра гэта паведаміла каардынатар аргкамітэту партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” ў Віцебску і Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец.
“1 лістапада я адмыслова выправілася ў парк Партызанскай славы, каб на ўласныя вочы пабачыць, як ідзе рамонт прыступак. Сэрца ўзрадавалася: прыступкі адрамантаваныя якасна, прыгожа, прыстойна. Адрамантаваная і пляцоўка на ўзгорку, дзе знаходзіцца сам помнік класіку, гонару нацыі. Добры падарунак да дня яго народзінаў!” – адзначыла яна.
Нагадаем, што з’явілася ініцыятыва адрамантаваць прыступкі сіламі гараджан у сярэдзіне кастрычніка. Па дазвол на рамонт прыйшлося тыдзень шукаць, да каго ж звярнуцца. Пошукі прывялі да намесніка начальніка аддзела культуры Анатоля Мядзвецкага. Размова атрымалася вельмі канструктыўнай. Было абяцана знайсці гаспадара, але праблема была вырашана цалкам. Гарадское РСУ і адрамантавала прыступкі. “Рэдкі выпадак у Віцебску, калі чыноўнікі так адказна ставяцца да звароту віцяблян”, – падкрэсліла Таццяна Севярынец.