Хрысціянскія дэмакраты перадалі ў Менгарвыканкам 400 подпісаў за чыстую ваду (відэа)

03 лістапада 2016 13:54  |  Галоўныя навіны

Хрысціянскія дэмакраты перадалі ў Менгарвыканкам 400 подпісаў за чыстую ваду (відэа)Беларускія хрысціянскія дэмакраты ў складзе Віталя Рымашэўскага, Вольгі Кавальковай і Дзяніса Садоўскага 3 лістапада перадалі ў Менгарвыканкам 400 подпісаў грамадзян за паляпшэнне якасці пітной вады ў беларускай сталіцы. Пра гэта паведаміла старшыня Хрысціянска-дэмакратычнага руху, кіраўнік Менскай гарадской арганізацыі БХД Вольга Кавалькова.

Таксама подпісы будуць накіраваныя ў Палату прадстаўнікоў, Адміністрацыю прэзідэнта, Менгарсавет і РУП “Менсквадаканал”.

Падпісанты звароту патрабуюць ад уладаў паскорыць працэс праектавання і будаўніцтва аб’екта «Перавод г.Менска на водазабеспячэнне з падземных крыніц» і павялічыць яго фінансаванне для выканання работ у тэрмін да 2020 года; падаць інфармацыю пра тое, якая праца была праведзена па рэалізацыі Дзяржпраграмы па водазабеспячэнні і водаадвядзенні “Чыстая вада” за 2011 -2015 гады ў частцы выканання задачы па паэтапным пераводзе Менска на водазабеспячэнне з падземных крыніц, і які аб’ём фінансавання і з якіх крыніц быў прыцягнуты для выканання гэтай задачы. Апроч таго, менчукі патрабуюць даць план мерапрыемстваў, аб’ёмаў і крыніц фінансавання па рэалізацыі аб’екта «Перавод г.Менска на водазабеспячэнне з падземных крыніц» у рамках Дзяржпраграмы па водазабеспячэнні і водаадвядзенні “Чыстая вада” на 2016 -2020 гады.

Таксама падпісанты заклікаюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і Менгарсавету пры планаванні і зацвярджэнні рэспубліканскага бюджэту і бюджэту Менска на 2017-2020 гады прыняць пад увагу неабходнасць фінансавання аб’екта “Перавод г.Менска на водазабеспячэнне з падземных крыніц».
“Праблема пітной вады вельмі востра стаіць у Фрунзенскім, Масоўскім і Кастрычніцкім раёнах Менска. Любога жыхара запытай, і ён скажа, што піць ваду з-пад крана немагчыма без дадатковай ачысткі. На фільтры і набыццё бутыляванай вады яны вымушаны выдаткоўваць вялікія грошы з сямейных бюджэтаў. Падчас парламенцкай кампаніі сёлета мы максімальна спрабавалі прыцягнуць увагу улады да гэтай праблемы. Улады абяцалі, што вада з падземных крыніцаў з’явіцца у нас у 2016 годзе, зараз ужо ідзе размова пра 2030-ы. Дагэтуль рэалізацыя праекту не зрушваецца з мёртвай кропкі. А усё з-за таго, што грошы, якія закладаюцца ў бюджэце на гэты праект, ідуць не на тое, што патрэбна жыхарам Менска, а на набыццё планшэтаў чыноўнікам і правядзенне парадаў”, – адзначыла Вольга Кавалькова.

Паводле, хрысціянскія дэмакраты будуць працягваць падымаць гэту праблему і дамагацца яе вырашэння і набліжэння сканчэння праекту «Чыстая вада» раней, чым пра гэта кажуць улады. “Для гэтага патрэбны грамадскі ціск і кантроль над размеркаваннем бюджэтных сродкаў, празрыстасць рэалізацыі праграмы і павелічэнне яе фінансавання”, – падкрэсліла лідар ХДР.

Болей навін