Планы кампаній БХД на 2017 год
У сувязі з набліжэннем новага, 2017 года кіраўніцтва Беларускай хрысціянскай дэмакратыі на прэс-канферэнцыі ў Менску прадставіла планы асноўных кампаній на наступны год.
1917-2017: 100 год Беларускай хрысціянскай дэмакратыі
Адной з асноўных кампаній 2017 года стане адзначэнне 100-годдзя Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, якая была заснаваная ў 1917 годзе. Як паведаміў сустаршыня БХД Павел Севярынец, у планах – сустрэчы з актывам БХД, грамадскасцю, краязнаўцамі з мэтай падрыхтоўкі мемарыяльных мерапрыемстваў у гарадах і мястэчках Беларусі і замежжа, якія звязаныя з беларускай хадэцыяй.
Таксама запланаваны выраб і распаўсюд буклетаў пра жыццё і дзейнасць найбольш выбітных асобаў гістарычнай БХД, падрыхтоўка і выданне кнігаў “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” і зборніка біяграфіяў “100 асобаў беларускай хрысціянскай дэмакратыі”, гістарычныя экскурсіі, усталяванне мемарыяльных дошак і асвячэнне памятных крыжоў у памяць пра дзеячаў БХД, збор подпісаў за перайменаванне вуліцаў.
Планы таксама ўключаюць прэзентацыі пазначаных кніг у Менску і 40 гарадах Беларусі, канцэртны тур да 100-годдзя БХД, правядзенне адукацыйных школ, гістарычнай і навукова-практычнай канферэнцый, літаратурную вечарыну і правядзенне юбілейнага З’езду БХД 27 траўня 2017 года, друк і распаўсюд партыйнай прадукцыі (Праграма, законапраекты “Урад для народа”, календары, буклеты, значкі).
МХД патрабуе моўнага раўнапраўя
Маладыя хрысціянскія дэмакраты будуць працягваць патрабаваць рэформы сістэмы адукацыі. Зараз плануецца зрабіць асноўны націск на патрабаванне беларускамоўнага навучання на ўсіх узроўнях ад дзіцячага садка да вну. “Калі мы ўжо вымушаныя жыць у часы дзвюхмоўя, дык у краіне павінна быць забяспечана хаця б раўнапраўе моваў”, – адзначыла лідар МХД Марына Хоміч.
У прыватнасці, Маладыя хрысціянскія дэмакраты патрабуюць ва ўсіх вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, на ўсіх факультэтах і спецыялізацыях стварыць беларускамоўныя плыні (групы); пры пастаноўцы дзіцяці на ўлік у дзіцячы садок, а таксама пры напісанні бацькамі заявы на прыём дзіцяці ў школу, дзіцячы садок ці іншую установу адукацыі пісьмова прапаноўваць у форме заявы выбар мовы навучання; стварыць у кожным дзіцячым садку і школе беларускамоўныя групы і класы, арганізаваць на базе мясцовых устаноў адукацыі і культуры (у тым ліку сярэдніх школ) магчымасці бясплатнага вывучэння беларускай мовы для дарослых.
Кампанія будзе праходзіць шляхам збору подпісаў. Лабіяваць рэформу плануецца таксама праз дзеючых дэпутатаў.
Віталь Рымашэўскі: сацыяльныя пратэсты трэба скіраваць на патрабаванне змены ўлады
У сваю чаргу сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі адзначыў, што ва ўмовах эканамічнага крызісу Беларусь стаіць на парозе масавых сацыяльных пратэстаў. “Які характар яны набудуць і ці здолеюць дэмакратычныя сілы скарыстацца імі для дэмакратычных пераўтварэнняў – гэта залежыць сёння ад нас”, – сказаў ён.
Палітык нагадаў, што ў 2015 годзе хрысціянскія дэмакраты распрацавалі дзевяць праектаў рэформаў, і ў 2017 годзе іх плануецца папулярызаваць, каб скіраваць сацыяльныя пратэсты на патрабаванне змену ўлады ў Беларусі і неабходнасці канкрэтных рэформаў.
Адным з найбліжэйшых мерапрыемстваў дзеля гэтага стане круглы стол 17 лістапада па рэформе медыцыны з удзелам дэпутата Ганны Канапацкай і прадстаўнікоў Правацэнтрысцкай кааліцыі. Наступны круглы стол будзе прысвечаны пытанню забеспячэння доступу жыхароў Беларусі да чыстай пітной вады.
Стартуе новы этап кампаніі ў абарону жыцця
Між тым лідар Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова распавяла пра новы этап кампаніі ў абарону жыцця. У прыватнасці, плануецца збіраць подпісы пад заклікам да ўладаў разгледзець магчымасць увядзення забароны на правядзенне абортаў у Беларусі, акрамя выпадкаў, калі існуе пагроза здароўю і жыццю маці. У выпадку немагчымасці прыняць гэтую меру, прапануецца скараціць тэрмін для правядзення абортаў пры адсутнасці медыцынскіх паказчыкаў да шасці тыдняў (сёння – 12), увесці абавязковы пяцідзённы перыяд чакання з моманту падачы заявы аб жаданні зрабіць аборт і накіроўваць жанчын на псіхалагічнае кансультаванне з інфармаваннем пра этапы ўнутрычэраўнага развіцця дзіцяці і магчымых наступствах аборту.
Акрамя таго, прапануецца для замужняй жанчыны прадугледзець абавязковую пісьмовую згоду мужа на аборт, выключыць усе сацыяльныя паказанні для перапынення цяжарнасці і забараніць усе віды рэкламы абортаў.