Беларуская апазіцыя сустрэнецца з Дэлегацыяй камітэту ЕС па палітыцы і бяспецы
Прадстаўнікі беларускай апазіцыі 21 лістапада а 15:00 у Менску сустрэнуцца з Дэлегацыяй камітэту ЕС па палітыцы і бяспецы. На сустрэчу запрошаныя Віталь Рымашэўскі, Анатоль Лябедзька, Юрась Губарэвіч, Ірына Вештард, Таццяна Караткевіч, Мікола Статкевіч і іншыя.
Падчас сустрэчы запланаваны абмен поглядамі на стан і перспектывы адносінаў паміж ЕС і Беларуссю.
“Сёння на сустрэчы будзе прадстаўленая сумесная пазіцыя Правацэнтрысцкай кааліцыі датычна стасункаў ЕС і Беларусі. Яна палягае ў тым, што мы выступаем супраць афіцыйных стасункаў з беларускім парламентам – дэкаратыўным органам, які ў адсутнасці сумленных выбараў прызначаны выканаўчай уладай. Наша пасланне да еўрапейцаў – скарыстаць гэты год, каб змяніць беларускае заканадаўства і правесці свабодныя і сумленныя выбары ў мясцовыя саветы па стандартах АБСЕ ў канцы 2017 – пачатку 2018 года. Глыбокі крызіс, банкруцтва эканамічнай сістэмы Беларусі вымушаюць улады шукаць кантакты з дэмакратычным светам. У Беларусі расце незадаволенасць грамадства палітыкай дзейснай улады. Гэта шанец для ўсіх нас, каб дасягнуць рэальных змен. Без свабодных і справядлівых выбараў не будзе ніякіх паспяховых эканамічных рэформ у Беларусі”, – адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
На сустрэчы таксама будуць прадстаўленыя вынікі назірання кампаніі “Права выбару”, у якіх зафіксаваныя парушэнні, што адбываліся падчас правядзення парламенцкай кампаніі.