У Мінску прайшоў круглы стол па вадзе з удзелам грамадскасці і ўладаў

24 лістапада 2016 15:25  |  Галоўныя навіны

У Мінску прайшоў круглы стол па вадзе з удзелам грамадскасці і ўладаў

Перадпраектная дакументацыя, якая тычыцца пераводу Мінска на падземныя крыніцы водазабеспячэння, павінна быць гатовая да мая 2017 года. Пра гэта паведаміў начальнік вытворчасці «Мінскводаправод» КУП «Мінскводаканал» Антон Галаскок 23 лістапада на пасяджэнні круглага стала «Чыстая вадаправодная вада для мінчан: рэальнасць ці міф?», піша БелаПАН.

Паводле слоў спецыяліста, нягледзячы на тое, што вада ў дамы жыхароў Фрунзенскага, Маскоўскага і Кастрычніцкага раёнаў трапляе ў тым ліку з наземных крыніц, у цэлым вадаправодная вада ў Мінску адпавядае ўсім санітарным нормам і яе можна піць. Аднак, падкрэсліў Галаскок, пытанне пераводу горада выключна на падземныя крыніцы падымаецца ўжо не ў першы раз, і “калі б яно было простым, было б вырашана ўжо даўно». У дадзены момант, згодна з падпраграмай «Чыстая вада» дзяржпраграмы «Камфортнае жыллё» на 2016-2020 гады, водазабеспячэнне Мінска плануецца перавесці на падземныя крыніцы да 2020 года.

«Мінскводаканал» прызначаны заказчыкам па праекце. Па выніках тэндару распрацоўшчыкам прадпраектнай дакументацыі вызначана УП «Мінскінжпраект». Галаскок адзначыў, што зараз разглядаюць чатыры тэхнічныя варыянты вырашэння сітуацыі, якія прадугледжваюць як будаўніцтва новых збудаванняў, так і выкарыстанне дзеючых водазабораў.

«Але мы павінны разумець, што Менск – гэта велізарны горад, і рашэнне, якое тэхналагічна будзе прынята, павінна быць абгрунтавана і пралічана. Гэтым мы і займаемся», – дадаў ён.

Канчатковае рашэнне аб тэрмінах пераводу сталіцы на падземныя крыніцы, падкрэсліў Галаскок, будзе прынята пасля выбару тэхнічнага рашэння. «Застаецца пытанне зніжэння сабекошту праекта, з нас гэтую задачу ніхто не здымаў», – сказаў прадстаўнік арганізацыі, падкрэсліўшы, што перадпраектную дакументацыю «Мінскводаканал» распрацоўвае за ўласныя сродкі.

Паводле слоў спецыяліста, у Мінску дзейнічаюць 349 водных свідравін, што супастаўна з сумарнай іх колькасцю ў любой з абласцей краіны, аднак перыядычна іх прыходзіцца выводзіць з ладу.

«На пытанне аб тым, куды былі выдаткаваныя грошы, выдзеленыя ў 2010-2015 гадах на перавод Мінска на падземныя крыніцы, адказу не прагучала. Але гэтае пытанне будзе і далей падымацца. І адпаведны зварот будзе накіраваны на імя старшыні Мінгарвыканкама з просьбай растлумачыць расходаванне грошай у гэтыя гады і завал падпраграмы «Чыстая вада». Таксама прадстаўнікі грамадскасці будуць настойваць на максімальна хуткай рэалізацыі падпраграмы «Чыстая вада», каб да 2020 года, як было заяўлена ўладамі, Мінск атрымаў чыстую ваду», – адзначыў у каментары bchd.info адказны сакратар БХД, каардынатар ініцыятывы «Наша Кунцаўшчына» Дзяніс Садоўскі.

Паводле яго, па выніках круглага стала будзе накіраваны зварот у санэпідэмстанцыю датычна нормаў ацэнкі якасці пітной вады і іх неадпаведнасці міжнародным стандартам і патрабаванням СААЗ, каб прывесці іх да міжнародных стандартаў і водаканал не мог спасылацца на існуючыя ў Беларусі нормы, якія наносяць шкоду здароўю мінчан.

Круглы стол быў арганізаваны аргкамітэтам па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», які на працягу шасці гадоў праводзяць кампанію «За чыстую ваду!», пры падтрымцы дэпутата Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганны Канапацкай. У пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі правацэнтрысцкай апазіцыйнай кааліцыі, Беларускай партыі “Зялёныя” і іншых арганізацый. З боку дзяржорганаў у ім удзельнічаў прадстаўнік Мінжылкамгаса. Вядучым круглага стала быў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Болей навін