Ад сына дэпутата ад БХД патрабуюць заплаціць “падатак на дармаедства” за час яго службы ў войску
Сын дэпутата Першамайскага сельсавету Бярозаўскага раёну ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Валеры Білібухі Вадзім атрымаў ліст ад Бярозаўскай падатковай інспекцыі з патрабаваннем заплаціць “падатак на дармаедства” за той перыяд, калі ён служыў у войску.
“Мой сын працуе лесніком са жніўня 2015 году, а да траўня ён служыў у войску. Дзяржава забрала майго сына ў войска, а цяпер яшчэ патрабуе за гэта плаціць. З працоўнага стажу службу ў войску выкінулі, дык цяпер яшчэ і дармаед, аказваецца”, – адзначыў дэпутат.
У інспекцыі ад яго патрабуюць пашпарт і вайсковы білет сына, каб праверыць ці сапраўды яго сын служыў у войску. “Мы ў якім стагоддзі жывём, што яны не могуць звярнуцца наўпрост у ваенкамат?» – задаецца рытарычным пытаннем Валер Білібуха
Паводле яго, падобныя «лісты шчасця» ўлады даслалі таксама жанчыне, якая не працуе некалькі гадоў з прычыны хваробы, і нават памерлым, якіх ужо некалькі гадоў няма. “Яны што цяпер павінны падаткі з таго свету плаціць? За тое, што яны ў гэтай зямлі ляжаць?” – адзначыў дэпутат ад БХД.