Ялінка за $ 50 000: Як чыноўнікі Віцебску рыхтуюцца да Новага году (відэа)
За месяц да Новага года Віцебск рыхтуецца да свята з далёка не бюджэтным размахам: ялінка, якую цяпер мантуюць на плошчы Перамогі, абыдзецца гораду ў $ 50 тыс. І гэта яшчэ без уліку дзвюх соцень жывых ялінак, патрэбных для аздаблення канструкцыі. Маштаб уражвае, але не ўсіх – прыемна.
«У цяперашняй эканамічнай сітуацыі – дорага!», – ацэньвае жыхар Віцебску размах ініцыятывы.
«Я лічу, што вось гэтую ялінку можна было адну прывезці і паставіць на плошчы, але не сотні секчы!», – кажа ў размове з намі жыхарка гораду.
«Яны могуць і сто тысяч заплаціць: у іх, відаць, грошай шмат!», – падсумоўвае іншы віцяблянін.
Дарэчы, менавіта ўлады Віцебшчыны найчасцей трапляюць у гучныя скандалы, звязаныя з надзвычай дарагімі тэндэрамі і закупамі нібыта на патрэбы чыноўнікаў. Гэтак у сакавіку Полацкі райвыканкам планаваў набыць красовэр за Br 370 млн (недэнамінаваных). Аднак пасля таго, як інфармацыя трапіла ў медыі, гэткае аўта захацела купіць ужо іншая дзяржаўная арганізацыя – «Віцебскаўтадор». Пры гэтым, відаць, грошай у чыноўнікаў і сапраўды хапае не толькі на ялінкі ды службовыя аўтамабілі коштам у дзясяткі тысячаў долараў.
«Напрыклад, без дай прычыны, проста так, абвяшчаецца тэндэр на замену дзвярэй гарвыканкаму (пра гэта я неаднаразова пісала звароты). Або 250 мільёнаў (я кажу старымі грашыма, бо яны больш унушульна гучаць) на асвятленне шматпавярховіка, пабудаванай на вуліцы Інтэрнацыяналістаў. Або 7,7 мільярда запланавана на рамонт пераходу і пляцоўкі ў амфітэатры», – кажа каардынатар БХД Таццяна Севярынец.
Апетыт, як вядома, мацнее ў час ежы. 35-ціметровы каркас для яліны гарадскія ўлады купілі яшчэ ў 2009-м. На той час падобная канструкцыя, толькі паменш, у Віцебску ўжо выкарыстоўвалася. Зрэшты, гулянка ў час крызісу здольны накарміць далёка не ўсіх.
«Зараз, калі гэткі татальны дэфіцыт гарадскога бюджэту, калі мы звяртаемся да іх бясконца з усімі прапановамі і просьбамі – выконваць хаця б тыя сацыяльныя праграмы, якія яны самыя напланавалі – у нас адзіны адказ: грошай няма!», – кажа Таццяна Севярынец.
Бадай, адзіны ласунак з чыноўніцкага стала, які сёлета ўсё-ткі дастаўся непасрэдна жыхарам Віцебску, за чые падаткі ўласна банкет і адбываецца – гэта адрамантаваныя прыступкі каля помніка Уладзіміру Караткевічу. Хаця на перанос у іншае месца грамадскай прыбіральні, якая стаіць літаральна побач, грошай у чыноўнікаў зноўку ж не знайшлося. Усё пайшло на гулянку.