Павел Севярынец: міліцэйскае беззаконне пераходзіць усе межы
8 снежня на чарговым Праваабарончым форуме ў Менску будзе абавязкова разгледжаная “справа Барбашынскіх” – злачыннае забойства жыхыра Слуцка Ігара Барбашынскага міліцыянтамі і асуджэнне ягонага брата, паведаміў сустаршыня БХД Павел Севярынец.
– Апошнія выпадкі дэманстратыўнага і беспакаранага ўжывання гвалту супрацоўнікамі МУС выходзяць за ўсе межы, – заявіў у інтэрвію прэс-службе БХД Павел Севярынец. – Людзей забіваюць без суда і следства, як у сталінскія часы. Ніхто не нясе за гэта адказнасці – наадварот, Івана Барбашынскага, брата забітага Ігара, прыводзяць у суд на ланцугу, як сабаку. Безумоўна, мы дапаможам сям’і Барбашынскіх і будзем дамагацца пакарання тых, хто гэтае злачынства здзейсніў.
Праваабарончы форум, адным з арганізатараў якога з’яўляецца БХД, пройдзе ў чацвер 8 снежня ў Менску і пачнецца а 18.00 па адрасе Чарнышэўскага 3.