Павел Севярынец: беларуская моладзь – сапраўднае поле бітвы
Маладыя хрысціянскія дэмакраты – гэта новае пакаленне Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, якое з часам узначаліць БХД. Пра гэта на з’ездзе МХД 3 снежня заявіў сустаршыня БХД Павел Севярынец.
“Зараз вы новае пакаленне БХД. І менавіта вы на самым адказным і самым небяспечным участку фронту. Беларуская моладзь – гэта сапраўднае поле бітвы. Паводле ўзроўню ўжывання алкаголю, наркотыкаў, правядзення абортаў беларуская моладзь на адным з самых першых месцаў у свеце. Узровень абыякавасці да жыцця зашкальвае”, – адзначыў ён.
Сярод пагрозаў беларускай моладзі сустаршыня БХД назваў таксама “рускі свет” (“а насамрэч вайна”), БРСМ і іншыя праўладныя моладзевыя арганізацыі, якія грызуць “за карак беларускі народ”.
Паводле Паўла Севярынца, сёння ў свеце стала модным заяўляць, што грэх – гэта нармальна. “Граху не павінна быць месца ў вашых сэрцах”, – сказаў ён.
“Мы называемся ў гонар таго, хто гэты грэх перамог. І назва ў самай сарцавіне падкрэслівае, што мы ідзем за Хрыстом. Калі вас будуць абражаць, называць цемрашаламі, ганарыцеся, што вы ў добрай кампаніі разам з Еўфрасінняй Полацкай, Францішкам Скарынам, Львом Сапегам, Канстанцінам Астрожскім, Мікалай Радзівілам Чорным, Кастусь Каліноўскім”.
“Не саромейцеся Ісуса Хрыста, і Ён не пасаромеецца вас”, – падкрэсліў палітык.
Віталь Рымашэўскі: Няма іншай Беларусі, апроч той, якая складаецца з беларусаў
У сваю чаргу сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі адзначыў, што ў МХД могуць быць людзі нават няверуючыя, недасканалых і несвятых паводзін. “Але важна разумець сутнасць добрай весткі: Хрыстос пабачыў у кожным з нас нешта такое, за што аддаў сваё жыццё”, – адзначыў ён.
Палітык пажадаў Маладым хрысціянскім дэмакратам бачыць адно ў адным тое, за што варта змагацца. “Калі будзеце верыць адно ў аднаго, у тое, што іншы чалавек можа быць лепшым, то з гэтай веры захаваецца вера ў беларускі народ. Няма іншай Беларусі, апроч той, якая складаецца з беларусаў. Каб верылі ў гэты народ, часта няўдзячны, моладзь, якая часта без каштоўнасцяў. Каб бачылі, што ў кожным з беларусаў ёсць тое, за што можна калі не аддаць сваё жыццё, то прынамсі свой час”, – заявіў ён.
Вольга Кавалькова: Нават у тых умовах, якія сёння ёсць у Беларусі, магчыма нешта зрабіць
Старшыня Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова заклікала моладзь аб’ядноўвацца, каб мець магчымасць важныя каштоўнасці абараніць разам. “Нават у тых умовах, якія сёння ёсць у Беларусі, магчыма нешта зрабіць. Адзін са спосабаў – вялікі грамадскі ціск па тых праблемах, якія хвалююць”, – адзначыла яна.
У якасці прыкладаў кампаній, якія далі плён, лідар ХДР прывяла змены закона аб ахове здароўя, аб рэкламе, стоп-спайс. “Шмат прыкладаў перамогі. Разам можна дамагацца зменаў у розных накірунках”, – падкрэсліла Вольга Кавалькова.
“Сутнасць не ў тым, каб сабрацца раз на некалькі гадоў, а каб дзейнічаць, пазнаёміцца лепш, запланаваць дзейнасць. Дасягаць вынікаў тут і цяпер”, – заявіў у сваю чаргу адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.