Рэзалюцыя з’езду МХД: “Аб выкананні Беларуссю патрабаванняў міжнароднага Балонскага камітэту”

03 снежня 2016 16:31  |  Палітыка

Рэзалюцыя з’езду МХД: “Аб выкананні Беларуссю патрабаванняў міжнароднага Балонскага камітэту”

Мы, Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты, канстатуем, што пасля далучэння Беларусі да Балонскага працэсу ніякіх істотных змен у сістэме адукацыі не адбылося.

Сёння ў Беларусі студэнцкае самакіраванне мае дэкаратыўны характар без рэальных паўнамоцтваў; акадэмічныя свабоды адсутнічаюць, рэктары па-ранейшаму прызначаюцца ўладамі для выканаўчай функцыі. Ва ўніверсітэтах працуюць ідэалагічныя аддзелы, падпарадкаваныя БРСМ. Якасць беларускай адукацыі ўвесь час зніжаецца, а кошт за навучанне павялічваецца.

У гэтых умовах Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты патрабуюць ад беларускіх уладаў правесці рэальныя рэформы сістэмы адукацыі, каб Беларусь стала ўдзельнікам Балонскага працэсу, а менавіта забяспечыць:

1. Выбарнасць і падсправаздачнасць рэктараў акадэмічнай супольнасці і сацыяльным партнёрам ВНУ.

2. Адмову ад практыкі прымянення кароткатэрміновых кантрактаў з выкладчыкамі, што робіць іх залежнымі ад свавольства адміністрацыі, гарантыі захавання працоўнага месца на ўвесь тэрмін абрання выкладчыкаў па конкурсе.

3. Рэальнага прадстаўніцтва студэнтаў у органах кіравання ВНУ, заканадаўчае замацаванне права ўсіх студэнтаў на стварэнне органаў самакіравання на ўзроўні ВНУ і нацыянальным узроўні.

4. Адмову ад практыкі прымусовага размеркавання маладых спецыялістаў і пераход да размеркавання толькі з добраахвотнай згоды студэнтаў і свабоднага выбару месца працы, заканадаўчага замацавання дзяржаўных гарантыяў першага працоўнага месца і квотаў працоўных месцаў для выпускнікоў ВНУ незалежна ад таго, навучаліся яны на бюджэтных ці платных месцах .

5. Стварэнне незалежнага нацыянальнага фонду падтрымкі студэнцкай мабільнасці, магчымасць для не менш чым 20% студэнтаў беларускіх ВНУ ўключыцца ў праграмы акадэмічнага абмену з універсітэтамі Еўропы, ЗША і іншых краінаў.

6. Паляпшэнне якасці навучання за кошт арыентацыі яго на патрабаванні працадаўцаў, забеспячэнне права студэнтаў на выбар індывідуальнай адукацыйнай траекторыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі будучага працоўнага месца да кампетэнцыі выпускніка ВНУ.

7. Забеспячэнне ўмоў для прызнання ў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі беларускіх дыпломаў, бясплатнае прадстаўленне ўсім выпускнікам беларускіх ВНУ дадатку еўрапейскага стандарту да дыплома.

Мы звяртаемся да грамадзянскай супольнасці Беларусі з заклікам звярнуць увагу на патрэбы беларускай моладзі, у прыватнасці, падтрымаць нашы патрабаванні па рэформах сістэмы адукацыі.

Болей навін