Лідар “Бацькаўшчыны Маладой” – МХД: змагайцеся, як гэта рабілі мы
На з’ездзе аргкамітэту ГА “Маладыя хрысціянскія дэмакраты” 3 снежня выступілі прадстаўнікі партнёрскіх арганізацый МХД з замежжа.
Так, міжнародны сакратар Моладзі Хрысціянска-дэмакратычнай партыі (KrFU; Нарвегія) Матыяс Отэсэн (Mathias Ottesen) натхніў сваіх беларускіх калегаў цытатай Махатмы Гандзі: “Будзь той зменай, якую хочаш бачыць”. “Вельмі важна, каб вы маглі самі быць зменай. Каб не чакалі чагосьці, а самі займаліся палітыкай”, – сказаў госць з Нарвегіі.
Міжнародны сакратар Моладзі Рэфармацкай палітычнай партыі (SGPJ; Нідэрланды) Вілка Кодэ (Wilco Kodde) выказаў радасць у сувязі з тым, што на з’ездзе МХД прагучалі цытаты з Бібліі. “Гэта тое, што нас яднае. Адзіны Бог у Нідэрландах і ў Беларусі. Натхняе, што вашая праграма заснаваная на біблійных прынцыпах. Следаванне слову Бога – рашэнне для кожнай краіны. Калі ты следуеш за Хрыстом, праблемы знікаюць. Следуючы за словам Бога, мы будзем мець будучыню”, – адзначыў ён.
Таксама свой відэазварот на з’езд даслаў кіраўнік “Бацькаўшчыны Маладой” Сяргей Мітрафанскі, які прывітаў яго ўдзельнікаў ад імя “ўкраінскага народу, які сёння змагаецца супраць расейскай агрэсіі” і ўсёй «Бацькаўшчыны». “Мы разумеем, што сёння ў Беларусі маладым, актыўным, незалежным патрыятычным людзям цяжка. Але, не пакладуючы рук, змагайцеся за заўтрашні дзень, змагайцеся за змены. Так, як гэта рабілі мы, украінцы”, – падкрэсліў ён.