Віталь Рымашэўскі: Выпадак са школьнікам са Століна – лагічны для антычалавечнай сістэмы Беларусі
Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі раскрытыкаваў допыт без ведама бацькоў міліцыянтамі ў школе Століна 9-гадовага Улада Палхоўскага, які раней быў збіты супрацоўнікам міліцыі. У выніку хлопчыку ад перажытага нервавання стала дрэнна.
“Выпадак са школьнікам са Століна наколькі абуральны, настолькі ж лагічны для антычалавечнай сістэмы, якая склалася ў Беларусі”, – адзначыў ён, назваўшы саўдзельнікамі злачынства таксама дырэктара школы і настаўніцу, якія насуперак “усім нормам права і маралі” дазволілі допыт непаўнагадовага дзіцяці.
“Беларуская “праваахоўная” сістэма па сваёй цынічнасці і амаральнасці нічым не саступае карнай сістэме часоў Савецкага Саюзу. Дзеці ўжо даўно сталі аб’ектамі ўздзеяння на іх бацькоў і здзеку з боку “праваахоўчых” органаў, якія не разбіраюць ні старых, ні малых, ні мужчын, ні жанчын, здзяйсняючы свае злачынствы”, – заявіў Віталь Рымашэўскі.
Сустаршыня БХД нагадаў, што дзеці былі адным з інструментаў ціску бесчалавечнага рэжыму на кандыдатаў у прэзідэнты 2010 года. “Людзі маўчалі, калі на іх вачах забіралі дзіця Андрэя Саннікава. І беларусы не разумеюць, што гэта можа стацца з кожнай сям’ёй. Ніякі дэтэктар не здолее выратаваць сістэму, бо беззаконне – гэта яе сутнасць. І нават сумленным людзям не месца, на жаль, ні ў міліцыі, ні ў КДБ, ні ў судах, бо гэта сістэма перамалывае прыстойных людзей, прапускаючы іх праз машыну ілжэсведчанняў, выканання незаконных загадаў”, – падкрэсліў ён.
“Беларускія хрысціянскія дэмакраты будуць сачыць за развіццём падзеяў у Століне. У нас ёсць прапановы па рэфармаванні судовай сістэмы, МУС, і спыніць здзек з беларусаў можна толькі, змяніўшы дзейсны рэжым і рэфармаваўшы ўсю сістэму”, – заявіў Віталь Рымашэўскі.