За чатыры месяцы каардынатара БХД аштрафавалі за акцыі на 3360 рублёў
За жнівень-лістапад каардынатара аргкамітэту Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў Маладзечне Рамана Ганчарова аштрафавалі за ўдзел у палітычных акцыях на 3360 рублёў.
Так, 19 жніўня суддзя суда Маскоўскага раёна Менска Таццяна Мотыль прысудзіла штраф у памеры 25 базавых велічынь (525 рублў) за акцыю 27 ліпеня на плошчы Незалежнасці, што выявілася ў публічнай дэманстрацыяй бел-чырвона-белага сцяга
27 кастрычніка суддзя суду Цэнтральнага раёна Менска Т.Рак прысудзіла 50 базавых велічынь штрафу (1050 рублёў) за збор подпісаў на станцыі метро Кастрычніцкая 12 і 14 кастрычніка.
11 лістапада суддзя Партызанскага раёна Менска на чале з А.Паўлоўскім прысудзіў 45 базавых (945 рублёў) за акцыю каля МТЗ. Віна Рамана Ганчарова была ў тым, што ён трымаў плакат “Камунізм пад трыбунал” і крычаў “Ганьба!”.
У той жа дзень суддзя суда Савецкага раёна А. Воўк прысудзіў 40 базавых (840 рублёў) за збор подпісаў за бел-чырвона-белы сцяг 17 і 19 кастрычніка на станцыі метро плошча Якуба Коласа.
Адзначым, што падчас восеньскай маладафронтаўскай акцыі за наданне нацыянальнаму сцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці Раман Ганчароў самастойна сабраў больш за тысячу подпісаў.
“Лічу такія дзеянні ўлады неправамоцнымі і парушаючымі правы мірных грамадзян на выказванне свайго меркавання, пазіцыі. Кожны, хто ўчыняе зараз палітычныя рэпрэсіі, дасць адказ за свае дзеянні перад незалежным судом”, – адзначыў каардынатар БХД.