За акцыю памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій Пракаповіча аштрафавалі на 1050 рублёў
3 снежня суд Цэнтральнага раёна Менска аштрафаваў каардынатара БХД па Менскай вобласці Паўла Пракаповіча на 50 базавых велічынь (1050 рублёў) за ўдзел у акцыі памяці 29 кастрычніка.
Акцыя была арганізавана “Маладым Фронтам”. На прыступках будынка КДБ яе ўдзельнікі расставілі знічы і партрэты расстраляных 29 кастрычніка 1937 года беларускіх дзеячаў культуры. Мерапрыемства доўжылася больш за гадзіну і скончылася затрыманнем пяці актывістаў.
“Падчас судовага паседжання падкрэслена разглядалася толькі тое, што было ў пратаколе – што адбывалася ў першую гадзіну акцыі. На судзе выступілі тры сведкі-супрацоўнікі МУС, якія не заставаліся да канца акцыі і не прысутнічалі пры затрыманнях. Усе тры сведкі, што было нечакана, ў сваіх паказаннях ужывалі словазлучэнні “партрэты ахвяраў” і “сталінскія рэпрэсіі”. Аднак 29 кастрычніка я быў далёка не ўпэўнены ў тым, што ўсе супрацоўнікі міліцыі і КДБ разумелі сэнс мерапрыемства. Здавалася, яны спаборнічалі паміж сабой у тым, хто больш зняважліва ставіцца да таго, што адбываецца. Па-за ўвагай суду засталіся спробы камунальшчыкаў, якія раптоўна з’явіліся пасля асноўнай часткі акцыі, падмесці партрэты загінулых. Кім трэба быць, каб аддаць загад камунальнай службе падмесці запаленыя знічы і партрэты закатаваных у сталінскія часы дзеячаў беларускай культуры? Ці грамадзянін Беларусі аддаваў гэты загад? Засталіся па заўвагай таксама жорсткія затрыманні і збіццё удзельнікаў акцыі. У машыне, куды нас утрамбавалі, Зміцер Дашкевіч курчыўся ад болю: міліцыянтам, якія на кароткі момант засталіся сам на сам з Дашкевічам, чамусьці спатрэбілася нанесці яму некалькі ўдараў. У будынку РАУСа я чуў гучныя крыкі Наталлі Гарачкі-Басалыгі. Як распавяла спадарыня Наталля, яе спрабавалі душыць”, – распавёў Павел Пракаповіч.