Бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста

13 кастрычніка 2009 23:34  |  Артыкулы

Пяць гадоў таму, раніцай у панядзелак 15 траўня 1995 году краіна прачнулася пасьля рэфэрэндуму. Усё было як заўжды: сонца ды птушкі, паесьці й ісьці на працу — але ў гэта нават ня верылася. Калі забаранілі бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоню», а беларуская мова страціла статус адзінай дзяржаўнай — здавалася, усю гэтую зямлю, увесь гэты сьвет раптам пазбавілі сэнсу. Ужо пачыналі здымаць сьцягі з дахаў дзяржаўных будынкаў — і само сэрца зрывалася, падала кожнага разу з гэтых вышыняў. Па-над намі зноў былі пустыя нябёсы.

…Адно з віншаваньняў на сёлетні Вялікдзень я атрымаў на невялічкай паштоўцы: уваскрослы Хрыстос трыюмфальна ўзыходзіць на неба, трымаючы ў руцэ бел-чырвона-белы сьцяг. У акадэмічным Музэі старажытнай беларускай культуры, дзе вадзіў экскурсіі Юры Хадыка, такія ж абразкі XVII—XVIII ст. зьбіралі натоўпы зацікаўленай моладзі. Усё проста: белая палатніна, на якую паклалі скрываўленае цела ўкрыжаванага Ісуса, засталося людзям як знак найвышэйшае перамогі над злом і нянавісьцю — бо Хрыстос уваскрос.

Гэты знак, белую палатніну з чырвоным крыжом, пачалі шырока выкарыстоўваць як сымбаль усяго хрысьціянства ў сярэднявечнай Эўропе. Сьцяг Хрыста зьяўляўся на вайсковых харугвах, мачтах караблёў і зь цягам часу, у розных варыяцыях, увайшоў у аграмадную колькасьць гербаў, вымпэлаў і нацыянальных сьцягоў на ўсёй эўраатлянтычнай прасторы ў Старым і Новым сьвеце. Дастаткова згадаць, што Ангельшчына дагэтуль мае сьцяг белы з чырвоным крыжом (і гэта яго спалучэньне зь сінім, таксама крыжовым, шатляндзкім штандарам, стварае брытанскі «юніён джэк»), а сьцягі ўсіх пяці скандынаўскіх краінаў утвораныя паводле розных колеравых камбінацыяў асноўнага сьцягу Хрыста. Калі ёсьць штосьці, што лучыць на элемэнтарным, кодавым, сымбалічным узроўні ня толькі Эўропу, але і ўсю заходнюю цывілізацыю, — дык гэта, бясспрэчна, ён, адзін з самых важных і ключавых хрысьціянскіх знакаў.

Многія беларускія геральдысты, што вывучалі крыніцы зьяўленьня бел-чырвона-белага сьцягу, пісалі пра «крыж сьвятога Юр’я», пра індаэўрапейскія архетыпы, сялянскія ручнікі, польскія прапары й яшчэ немаведама што, але чамусьці не заўважалі тае жывое сілы, тае імклівасьці й настойлівасьці, зь якімі ўсе дзесяць вякоў беларускае гісторыі скрозь працінае Сьцяг Хрыста. Полацак — прыняцьце хрысьціянства, Сафія, Барысавы крыжы. Вялікае Княства Літоўскае, бел-чырвона-белая «Пагоня», Грунвальд, белыя харугвы з чырвоным крыжом. Бітва пад Воршай — бел-чырвона-белыя сьцягі Хрыста. Каталіцкія і ўніяцкія сьвятыні — паўсюдна сьцяг Уваскрасеньня. Праваслаўныя патрыярхі (прыгледзьцеся, нават сёньня) — з абавязковай бел-чырвона-белай паласою ў рызах. І Касьцюшка, і Каліноўскі — пад сьцягамі зь белі й чырвані. І вось, у 1918-м (як некаторыя пішуць, «абсалютна нечакана»), зьяўляецца той самы бела-чырвона-белы сьцяг Беларускай Народнай Рэспублікі. Праз пахаваньне ў Курапатах канца 30-х, праз пакуты і кроў, вайну й партызанку, разруху й застой — да Курапатаў 1988-га, дзе ўпершыню пасьля дзесяцігодзьдзяў цемры ўспыхвае зноў.

Сымбаль чысьціні й ісьціны, болю й любові, веры і ўваскрасеньня, ён лунае, нібы анёлавы крылы. «Зямля пад белымі крыламі» — ці не пра гэты сьцяг пісаў Караткевіч. У самыя трагічныя, моцныя, пікавыя моманты беларускай гісторыі нечакана выблісквае, асьвятляе далягляды, як азарэньне, бел-чырвона-белы сьцяг — і зноў нагадвае нам пра тое, што адбылося 2000 гадоў таму.

Столькі крыві… Як суцэльная рана, жахліва барвовы, сьсечаны плецьмі, апляваны, зьнясілены, Хрыстос прабіраўся празь нянавісьць і глум Богам выбранага, роднага народу — на Галгофу. Жывая кроў і боль адкупленьня — сьмерць і грэх аж вар’яцелі навокал, аж шалелі ў гэтым апошнім натоўпе. Разрывалі й дзялілі вопратку. Рагаталі й зьдзекаваліся так, што ані рыданьняў, ані ўсхліпаў вучняў чуваць не было. І вось Ён, бездапаможны, працяты цьвікамі, скрываўлены — на крыжы над усімі.

Ён паміраў некалькі гадзінаў пад нясьцерпным сонцам. Страшнае пакараньне Рымскай імпэрыі: чалавек шточас губляе прытомнасьць, задыхаецца, бо расьцятыя грудзі зводзіць сутарга, напінаецца, каб каўтнуць паветра. Сэрца лопаецца ад напругі…

«Збылося! — усклікнуў Ісус і, нахіліўшы галаву, аддаў дух» (Яна 19:30).

Так нараджаецца найвялікшая перамога ў гісторыі чалавецтва — збавеньне, Царства Нябеснае для людзей і жыцьцё вечнае.

Так нараджаюцца сьцягі. У Вялікую нядзелю вучні, якія прыбеглі да магілы, убачылі ў ёй адно палатніну з суцэльнай крываваю паласою. Бел-чырвона-белы сьцяг, які сьведчыў пра ўваскрасеньне Хрыста.

Дзе-дзе, а ў сымбалях выпадковасьцяў не бывае. Бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста — самы галоўны для Беларусі, самы важны й знакавы сымбаль. Самы сьвяты вобраз нашай гісторыі й нашага Адраджэньня. Няма нічога, што можа яшчэ мацней выразіць зьмест мінулага, унікальнасьць сёньняшняга часу і веру ў будучыню. У адзінай трыядзе беларускіх нацыянальных сымбаляў — гімн, сьцяг і герб — бел-чырвона-белы сьцяг займае цэнтральнае месца. Гімн «Магутны Божа». Сьцяг Хрыста. Герб «Пагоня» — белы вершнік на чырвані, уладнае й жывое імкненьне з крыжом Эўфрасіньні на шчыце. Уся трыяда, уся тройца — як адзіная формула: «У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа…» Ці ёсьць яшчэ ў якой іншай нацыі штосьці падобнае?

Наколькі гісторыя Беларусі апошніх стагодзьдзяў нагадвае Новы Запавет: блуканьні між грэшных і мытнікаў, страшныя выпрабаваньні, дзе выжываюць толькі вера, любоў і надзея. Ганеньні і здрада. Беларусь рабавалі і рвалі на часткі, абвінавачвалі й судзілі, аплёўвалі й раскрыжоўвалі. Беларусь аддавала ўсё, што было, даравала й малілася, пакутліва памірала за сваіх дзяцей, была пахаваная і ўваскрэсла — пад бел-чырвона-белым сьцягам Хрыста.

Сёньня дзеці й падлеткі ў школах на пытаньне пра бел-чырвона-белы сьцяг пачынаюць расказваць пра параненага князя на полі бою, які, размахваючы скрываўленым бінтом, павёў за сабой ваяроў. Казка, словаў няма, рамантычная — але навошта мітычны князь, навошта нейкая бітва, калі значна глыбейшы, шматкроць магутнейшы вобраз закладзены ў самой ідэі, у сутнасьці сьцягу Хрыста!

Сёньня над урадавымі будынкамі й дзяржаўнымі ўстановамі гэтага сьцягу няма. Дзякуй Богу — цяпер усё беззаконьне мае адценьне чырвона-зялёнага. Але за кожную хвіліну, якую краіна пражыве пад нашым бел-чырвона-белым сьцягам, несьці адказнасьць будзем ужо мы самі. Адказнасьць за чысьціню й сумленнасьць кожнае справы, за праўдзівасьць і справядлівасьць кожнага кроку, за любоў і веру ў кожным памкненьні. За бель і кроў, зь якой дасталася нам незалежнасьць, бель і кроў, якія так лёгка запляміць. І Вясна-2000, што разгарнулася рухам шматтысячных маніфэстацыяў, і хваля бел-чырвона-белых сьцягоў на хакейных арэнах у расейскім Піцеры, і паўсюдныя сыгналы бел-чырвона-белых налепак на сьценах — усё гэта вымярае цяперашні стан нашай адказнасьці. Бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста, асабістая рана, баліць нам увесь час — і гэта значыць, што нацыя жыве.

Болей навін