БХД заклікае змагацца з нацызмам і імперыялізмам, якім не месца ў царкве
Святар з паселішча Гатава Канстанцін Бурыкін, больш вядомы як «бацюшка са свастыкамі», – гэта толькі сімптом вялікіх праблемаў, з якімі сутыкнулася праваслаўная царква ў Беларусі, мяркуе сустаршыня Беларускай Хрысціянская Дэмакратыі Павал Севярынец.
«Трэба падымаць кампанію і пытацца: хто сапраўды адказны за тое, што святар у праваслаўнай царкве прапагандаваў нацызм», – кажа ён.
Зорка дзяржаўных беларускіх медыяў
Нарадзінец Омску і грамадзянін Расеі Канстанцін Бурыкін да нядаўняга часу быў зоркаю беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў ды газетаў. Па-першае, як святар без духоўнай адукацыі, які ўзначаліў царкву ў паселішчы Гатава каля Менску.
«Я вельмі гарэў пабудаваць царкву. Вельмі ўнутрана жадаў пабудаваць храм з нуля», – узгадваў спадар Бурыкін, святар Расейскай праваслаўнай царквы.
Па-другое, Бурыкін зарганізаваў пры царкве спартовы клуб і фактычна ўзначаліў Беларускую федэрацыю паўэрліфтынгу, зрабіўшыся намеснікам намінальнага старшыні палкоўніка міліцыі Генадзя Калесніка. Бурыкін прапагандаваў сямейныя каштоўнасці і здаровы лад жыцця.
Махляр, нацыст, імперыяліст
Але ў лістападзе беларусы даведаліся пра іншыя каштоўнасці бацюшкі Канстанціна. Бурыкіна арыштаваў Следчы камітэт паводле абвінавачання ў незаконным абароце боепрыпасаў. З расследаванняў незалежных журналістаў стала вядома, што Бурыкін праводзіў махінацыі з вялікімі бюджэтнымі сумамі, вылучанымі на спорт, і не кінуў сваіх нацысцкіх поглядаў. Раней ён быў святаром пры беларускім аддзяленні РНЕ – неанацысцкай арганізацыі «Русское национальное единство». На целе Бурыкіна дасюль застаюцца свастыкі. Праваслаўны бацюшка падтрымліваў шчыльныя кантакты з пракрамлёўскімі праімперскімі арганізацыямі, беспасярэдне з гатаўскае царквы.
Прыхаджане Бурыкіна дасюль у стане шоку
Удома ў праваслаўнага бацюшкі знайшлася і лямпа-свастыка, і карціна аўтарства Бурыкіна ў стылістыцы Трэцяга Райху.
«Вой-вой, гэта ж страшна нават».
«А мы там дзіцёнка хрысцілі. Дык а што цяпер будзе?»
«Нават падазрэнняў ніколі не было. Ён такі заўжды культурны, заўжды ветлівы, заўжды распавядзе, калі хаджу на споведзі».
«Святар такімі справамі займацца не мусіць. Па-першае, гэта духоўная асоба. Гэта несумяшчальна. Зброя і святар».
– мяркуюць жыхары Гатава.
РПЦ прапагандуе варожасць да беларускай мовы і незалежнасці
Паводле Паўла Севярынца, такое здараецца ў некаторых епархіях Расейскай праваслаўнай царквы, дзе квітнее гэтак званы «русскій мір» і прапагандуецца варожасць да беларускае мовы ды незалежнасці.
«Менавіта такія бацюшкі могуць стаць спрыяльным асяроддзем для розных ваяроў ДНР-ЛНР, якія прыязджаюць сюды і паказваюць пальцам у каго страляць. Вешаюць на беларускую моладзь «каларадскую» стужку і загадваюць рыхтавацца да вайны», – даводзіць палітык.
У вёсцы Вялікае Сціклева, што ля Менскай кальцавой, на царкоўнай тэрыторыі ладзіць трэнавальныя лагеры прарасейскі цэнтр «Казачий спас». Удзельнікі – падлеткі ад 14-ці да 18-ці гадоў вучацца страляць, працаваць з мінамі і нажамі.
Святар царквы дапамагае ідэалагічна апрацоўваць моладзь
«Дыякан нашага храму распавядаў аб жыццях святых, і ў нас у храме на сценах ёсць іконы ваяроў, святых ваяроў-пакутнікаў», – тлумачыць дырэктар цэнтру «Казачий спас» Пётр Шапко.
Падобным чынам пры ўдзеле дыяканаў РПЦ расейскія неанацысты – баевікі ЛНР і ДНР – ладзілі трэнавальныя лагеры для беларускіх падлеткаў у Віцебскай вобласці.