Святлана Радкевіч-Манько. Вось такая асабістая гісторыя
У канцы лета, шукаючы школу для дзяцей, знаёмыя падказалі, што ў Гімназіі № 23 патрабуецца настаўнік працы для дзяўчынак. Пасля майго звароту, думаю, правяралі маю кандыдатуру, бо адразу не ўзялі, а ў апошні дзень жніўня патэлефанавала сакратарка, і сказала, каб я прыходзіла, бо малады спецыяліст “спужаўся беларускай мовы”.
З першых дзён працы я адчувала нядобразычлівыя адносіны да мяне. Калі мне прапанавалі ўступіць у РГА “Белая Русь”, я адмовілася (але бланк заявы, як доказ вярбоўкі захавала). Тады мне кіраўнік ячэйкі пагражаў размовай у кабінеце дырэктаркі?! Пасля завуч пачала прыдзірацца да вучэбнага працэсу. Я ёй адказвала, што я не прафесійны педагог, маю дыплом Акадэміі мастацтваў, а так як ніводзін малады спецыяліст не згодзіцца працаваць за 135,40 новых рублёў у школе, то давядзецца мне выконваць гэтую самаахвярную працу…
У першай чвэрці мы з дзяўчынкамі вывучалі тэму “Асновы прыгатавання ежы”. За 45 хв. вучаніцы паспявалі прыгатаваць смачныя кулінарныя стравы. Усім было вельмі цікава. Але без спецадзення ў кабінет кулінарыі, па інструкцыі тэхнікі бяспекі, нельга заходзіць. Я таксама завязала на галаву хустачку, якую знайшла ў шафе ў дачкі,- такая беленькая з крыжыкамі-сардэчкамі і надпісам “Малады фронт”. Галоўнае ж мець хустачку (па інструкцыі), а пра надпіс, шчыра кажучы, я не падумала. На трэці дзень (у канцы чвэрці) да мяне ў кабінет спачатку зазірнула заггаспадаркі, а пад канец урока ўляцела завуч і закрычала: “Што ў вас на галаве? Які Малады фронт? Зараз жа здыміце! Я вас звольню!” Карацей, пра ўсё, што адбывалася ў мяне на ўроках, завуч ведала, бо дзеці дзяліліся ўражаннямі ў вайберы, а завуч туды падключылася… Аднойчы яна мне прагаварылася: “Увесь вайбер кіпіць! Вы чаму моліцеся перад ежай?”??
Зноў мне давялося тлумачыць у кабінеце завуча, што гэта не ініцыятыва настаўніцы, але дзяўчынак… Таксама я творча падышла да складання тэматычнага плану навучання, чым выклікала незадаволенасць адміністрацыі. Аказваецца, настаўнік не мае права сам нічога тварыць, а толькі тупа перапісваць тэмы ўрокаў з метадлітаратуры ў свой тэматычны план, а з яго слова ў слова ў класны журнал, і далей у дзённік і сшыткі вучняў…” І ніякіх адступленняў і ініцыятывы!”.
У кастрычніку мяне накіравалі на курсы павышэння кваліфікацыі. Тут, у інстытуце я зразумела, што пра нацыянальную адукацыю чынавенства даўно забыла,- я была адзінай беларускамоўнай слухачкай з паўсотні настаўніц абслуговай працы школаў і гімназій нашай слаўнай і шматпакутнай сталіцы. Усё адукацыйнае чынавенства стаіць на пазіцыях русіфікацыі. Усе нарады адбываюцца і ўся нарматыўна-прававая дакументацыя вядзецца па-руску. На маё пытанне, калі ж нарэшце Міністэрства адукацыі пачне працаваць на карысць нашай Незалежнай Беларусі, доктар педагагічных навук адказаў: “А каму ж гэта патрэбна!?” …Я ўспомніла, як на прыёме ў Міністэрстве нешта падобнае чула і ад намесніцы Міністра Р.С. Сідарэнка,- на маё пытанне: “Чаму ў фае Міністэрства інфармацыйныя стэнды аформлены на рускай мове?”, яна адказала: “А навошта дубляваць?!”
Інстытут павышэння кваліфікацыі я наведвала без адрыву ад навучальнага працэсу. Менавіта на курсах мне растлумачылі, што, так як я не маю педагагічнай адукацыі, то і не атрымаю катэгорыю. За два з паловай месяцы працы я тройчы чула пагрозы з боку завуча аб звальненні. Прааналізаваўшы ўсе прэтэнзіі ў свой адрас, я зразумела, што настаўнік павінен быць яшчэ і ідэалагічным работнікам, лаяльным да кіруючага рэжыму…
Апошняй кропляй стаў інцыдэнт на пачатку 2-й чвэрці: у Гімназію прыехала праверка, у нашым кабінеце кулінарыі яе частавалі, – побач кабінет працоўнага навучання, да мяне на ўрок прыйшлі дзяўчынкі 5 “Б” класу. На перапынку завуч нас папярэдзіла: “Каб сядзелі ціха, як мышы!” Але ж перапынак ёсць перапынак. Пачаўся ўрок,- зноў адчыніліся дзверы і завуч закрычала на дзяўчынку Віку на першай парце (яна нешта жавала, я ёй заўвагу не рабіла, бо трэба ж было маўчаць): “Прэч дахаты, па месцы жыхарства, якая непавага!..” І я і дзеці перапалохаліся, але Віку я дадому не адпусціла. Урок быў сапсаваны. У чым прычына такой агрэсіі? Увогуле беспадстаўны крык на дзяцей у школе чула часта. Вось Вам і інклюзіўнае навучанне.
Мне давялося самой напісаць заяву аб звальненні ў лістападзе, бо псіхалагічна вытрымліваць такі ціск немагчыма, патрэбна мець годнасць. Вакансія засталася, я скончыла курсы ўжо ў снежні, атрымала пасведчанне на рускай мове, але адміністрацыя Гімназіі №23 з беларускай мовай навучання, дзе амаль ўсе педагогі з’яўляюцца членамі “Белай Русі”, паспяшалася ад мяне пазбавіцца.
Вось такая асабістая гісторыя…