«НТВ — далоў, Белсат — дамоў»: каля Адміністрацыі прэзідэнта прайшла акцыя ў падтрымку тэлеканала

20 снежня 2016 14:15  |  Галоўныя навіны

«НТВ — далоў, Белсат — дамоў»: каля Адміністрацыі прэзідэнта прайшла акцыя ў падтрымку тэлеканала

Каля Адміністрацыі прэзідэнта прайшоў пікет з нагоды магчымага закрыцця тэлеканала «Белсат». Нагадаем, што польскі ўрад прыняў рашэнне пра змяншэнне датацый на «Белсат» на 2017 год на дзве траціны.

Агулам у акцыі ўзялі ўдзел васьмёра чалавек, сярод іх Павел Севярынец, Анатоль Лябедзька, Алег Корбан. Трое міліцыянтаў склалі на іх пратаколы. Прысутнічаў камандзір мінскага АМАПа Дзмітрый Балаба.

Актывісты скандавалі «Без Белсата будзе вата», «НТВ — далоў, Белсат — дамоў», «Лукашэнка — не, Ананіч — не, Карпенка — не, Белсат — так», «Не — рускаму міру, не — Рыжскаму міру».

Севярынец заклікаў міліцыянераў і пракурораў каяцца, каб беларускі народ іх прабачыў.

Пасля акцыі, якая доўжылася каля 50 хвілін, супрацоўнік Адміністрацыі прэзідэнта запрасіў Севярынца ў прыёмную. Разам з Паўлам на перамовы пайшлі яшчэ чацвёра ўдзельнікаў акцыі. Журналістам прысутнічаць не дазволілі.

Па словах Севярынца, у Адміністрацыі яны пакінулі пісьмовую заяву з патрабаваннем адключыць расійскія каналы і ўключыць «Белсат» у беларускую сетку вяшчання.

Наша Ніва

Болей навін