У 2020 годзе адзіны кандыдат у прэзідэнты можа быць патрэбны як ніколі, лічыць Рымашэўскі

21 снежня 2016 08:51  |  Галоўныя навіны

У 2020 годзе адзіны кандыдат у прэзідэнты можа быць патрэбны як ніколі, лічыць Рымашэўскі

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі лічыць, што адзіны кандыдат у прэзідэнты ад усіх дэмакратычных сіл на выбарах 2020 года можа быць неабходны як ніколі.

Як заявіў палітык 20 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску, задачай-мінімум для правацэнтрысцкай кааліцыі, куды таксама ўваходзяць Аб’яднаная грамадзянская партыя і рух «За Свабоду», з’яўляецца вылучэнне сумеснага кандыдата на выбарах 2020 года.

«Але мы лічым, што неабходны, напэўна, як ніколі сумесны кандыдат ад усіх дэмакратычных сіл. Таму мы будзем праводзіць перамовы з больш шырокім колам арганізацый», – адзначыў палітык.

Па словах Рымашэўскага, адзіным кандыдатам павінен быць чалавек каманды. «Не павінна выглядаць так, што перамог проста нейкі чалавек ці адна арганізацыя», – падкрэсліў ён.

«Калі мы будзем ствараць каманду кандыдата загадзя, то нас можа чакаць поспех. Раней таксама вылучаўся адзіны кандыдат, але ён не меў добрай каманды. У 2017 годзе мы ставім задачу выбраць найбольш аптымальны механізм вылучэння кандыдата. У нас ёсць час, гэта не за два ці тры месяцы да выбараў адбудзецца. У 2018 годзе можна было бы абраць такога кандыдата, а ў 2019 годзе ўжо пачаць яго кампанію. Але гэта вельмі аптымістычны прагноз», – заявіў Рымашэўскі.

Лідар руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч у сваю чаргу адзначыў, што на сёння няма дакладнага механізму вылучэння адзінага кандыдата, але ёсць сумеснае бачанне, якое зыходзіць з папярэдніх кампаній, што ні адна дэмакратычная сіла не мае паўнавартаснага патэнцыялу для збору 100 тысяч подпісаў за кароткі перыяд».

«Натуральна, што ні адна з нашых арганізацый не плануе займацца фальсіфікацыямі пры зборы подпісаў (такія абвінавачванні ўжо гучалі ў дачыненні да асобных структур). Як адказная палітычная сіла мы будзем імкнуцца да таго, каб кампанія 2020 года прайшла паўнавартасна, каб кандыдат ад беларускай апазіцыі меў сур’ёзную падтрымку не толькі ў дэмакратычным асяроддзі, але і сярод усяго грамадства», – заявіў Губарэвіч.

Беларускія навіны

Болей навін