Павел Севярынец: забарона лекарам насіць крыж — подых Савецкага Саюза
Прапанаваная Міністэрствам аховы здароўя ў праекце “Аб зацвярджэнні Норм медыцынскай этыкі і дэанталогіі” забарона медработнікам дэманстраваць сваю рэлігійную прыналежнасць абсурдная. Пра гэта ў каментары Krynica.info заявіў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.
На яго думку, такіх законаў у Беларусі, краіне з тысячагадовай хрысціянскай гісторыяй, быць не павінна. Севярынец лічыць, што ў Беларусі лекавалі не толькі цела, але і душы, пры тым, з самага пачатку беларускай дзяржаўнасці: пры цэрквах, касцёлах, кляштарах. “Крыж – гэта сімвал нашага Збаўцы, які памёр за нас. Забарона нашэння крыжа для лекараў — гэта подых Савецкага Саюза”, – падкрэсліў ён.
Палітык таксама заявіў пра неабходнасць супрацьстаяць закону, які забараняе медыкам публічна заяўляць пра сваю хрысціянскую пазіцыю. “Калі справа дойдзе да разгляду законапраекта, то думаю, што Беларуская хрысціянская дэмакратыя будзе падтрымліваць гэтую кампанію”, – дадаў Павел Севярынец.
Вольга Кавалькова: гэта пазбаўленне канстытуцыйных правоў вернікаў
Прапанова міністэрства аховы здароўя – гэта парушэнне канстытуцыйных правоў вернікаў, адзначыла ў каментары Krynica.info лідар аргкамітэту Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова. “Мы лічым гэта непрымальным і патрабуем скасавання забароны на дэманстрацыю лекарамі сваёй рэлігійнай прыналежнасці”, – адзначыла яна, паведаміўшы пра намер правесці кампанію па зборы подпісаў грамадзян супраць такой прапановы міністэрства.
Вольга Кавалькова таксама заклікала царкоўных лідараў і прадстаўнікоў канфесій больш актыўна выказвацца супраць такой прапановы Мінздара, каб абараніць канстытуцыйныя правы вернікаў.