Да каардынатара БХД Сяргея Верамеенкі заявіўся судовы выканаўца
Як паведаміў гарадзенскі гарадскі каардынатар БХД Сяргей Верамеенка , увечары 22 снежня да яго дахаты заявіўся судовы выканаўца па прозвішчы Панькоў.
Гэты судовы выканаўца спрабаваў апісаць маёмасць “па справе наконт пікету”. Маўляў, яму начальства дало такую каманду і тое, што Сяргей Верамеенка абскарджвае пастанову суду ў вышэйшых судовых інстанцыях, яго не хвалюе. Верамеенка паказаў выдадзенае яму рашэнне абласнога суда, дзе аніводным словам не пазначана, што рашэнне канчатковае і ўступіла ў сваю моц. Панькоў выклікаў міліцыю, прыехаўшы нарад выслухаў абодва бакі, пасля чаго параіў “разысціся па дамове”. Панькоў неаднакроць настойваў на вопісе маёмасці, у нейкай паперцы пазначыў, што сям’я Верамеенкі мае лядоўню, мікрахвалёўку, імбрык, пральную машыну і насценны гадзіннік. Судовы выканаўца казаў Верамеенку, што “ён размаўляў па-беларуску, бо хоча яго заблытаць”. Шкадаваў, што не прыехаў участковы, “бо той бы дакладна параіў, як лепш зрабіць”. Пазней судовы выканаўца сеў у патрульны УАЗ, дзе таксама нешта занатоўваў.
Гутарка ідзе пра штраф за пікет салідарнасці, у якім удзельнічаў Сяргей Верамеенка. Гарадзенскі суд Ленінскага раёна 20 кастрычніка разгледзеў адміністрацыйныя справы дэмакратычных актывістаў Сяргея Верамеенкі, Анатоля Мышкевіча і Віталя Мойсы. Яны былі абвінавачаны за ўдзел ў несанкцыянаваным пікеце, прысвечаным традыцыйнаму дню салідарнасці з сем’ямі зніклых беларускіх палітыкаў, які праходзіў 16 верасня. Судовыя справы вяла вядомая ў дэмакратычных колах сваімі шматлікімі рэпрэсіўнымі рашэннямі Наталля Козел.