Рамана Ганчарова аштрафалі за пікеты супраць Салаўёва і ў падтрымку Пальчыса
15 снежня 2016 года суддзя суду Цэнтральнага раёна горада Мінска Юлія Густыр аштрафавала на 40 базавых велічынь (840 рублёў) маладзечанскага каардынатара Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Рамана Ганчарова за ўдзел у акцыі 25 лістапада на Кастрычніцкай плошчы супраць выступу расейскага прапагандыста Уладзіміра Салаўёва.
У віну ставяць тое, што трымаў у руках плакат з надпісам “Беларусь мае быць Беларускай!” і выкрыкваў лозунгі.
А 8 снежня Раман Ганчароў быў аштрафаваны за падтрымку Эдуарда Пальчыса на 50 базавых велічынь (1050 рублёў) за акцыю 24 кастрычніка, падчас якой ён “выкрыкваў лозунгі “Жыве Беларусь!”, “Свабоду Пальчысу!”, трымаў у руках сцяг бел-чырвона-белага колеру”.
“Якім судом судзіце – такім і вас судзіць будуць”, – пракаментаваў прысуды каардынатар БХД.