Актывісты перадалі польскаму консульству ў Горадні подпісы ў падтрымку «Белсату» (відэа)
Збор подпісаў у Горадні ў падтрымку «Белсату» ініцыявалі сябры БХД. Актывісты стаялі ў людных месцах, а таксама абходзілі кватэры. За два дні за «Белсат» падпісаліся каля двухсот гарадзенцаў. Подпісы ініцыятары акцыі перадалі ў Генэральнае консульства Польшчы ў Горадні, паведаміў актывіст Сяргей Верамеенка.
— Мы знарок перадалі гэтыя подпісы напярэдадні сьвятаў, але на гэтым ня спынімся, працягнем збор.
Паводле Сяргея Верамеенкі, скарачэньне фінансаваньня «Белсату» праз польскую дзяржаву можа даць ланцуговую рэакцыю, бо ёсьць і іншыя СМІ, якія месьцяцца ў Польшчы і вяшчаюць па-беларуску:
— Я разумею, што ніхто нікому нічым не абавязаны, але ёсьць гісторыя, зь якой павінны рабіць высновы і асобныя людзі, і цэлыя народы. Думаю, што ў Польшчы палітыкі яшчэ не забыліся, як яны змагаліся з бальшавізмам і як ім дапамагаў цывілізаваны сьвет.
Што да гарадзенцаў, якія ставяць свае подпісы пад зваротам да польскіх уладаў, то іхнае стаўленьне рознае. Верамеенка кажа, што прыйшоў да высновы: хто глядзіць «Белсат», той не ўключае БТ.
«Я жыву ў прыватным сэктары, і мае суседзі ў пераважнай большасьці глядзяць „Белсат“, бо там паказваюць, што насамрэч адбываецца ў нашым жыцьці. Там ёсьць свабода слова і нашы праблемы, іх абмяркоўваюць, прапаноўваюць, як вырашыць, там часта гавораць нашы людзі з вуліцы. І народ вельмі зьдзіўляецца, што Польшча хоча ліквідаваць гэтае тэлебачаньне. Многія прыгадваюць, што палякі самі перажылі такія часы, і ня могуць зразумець, чаму яны так ставяцца да нас. А некаторыя проста моўчкі падпісваюцца».