“Народная Воля” надрукавала серыю артыкулаў да стагоддзя БХД
Найбуйнейшая дэмакратычная газета Беларусі “Народная Воля” надрукавала да юбілейнага 2017-га года ў апошніх нумарах тры артыкулы Паўла Севярынца пра хрысціянскую дэмакратыю пад агульным загалоўкам “Яна паднімала сцяг Незалежнасці Беларусі”.
– Галоўны рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Паўлавіч Сярэдзіч робіць вельмі важную і высакародную справу – кажа сустаршыня БХД Павел Севярынец. – Бо гістарычная памяць у дачыненні да хадэцыі ў Беларусі занядбаная; людзі, якія ахвяравалі сабой дзеля Бога і Беларусі, амаль забытыя. Думаю, і мы ў такі няпросты час павінныя падтрымаць незалежную прэсу. Мы сям’ёй аформілі падпіску на “Народную волю” на бліжэйшыя месяцы – заклікаем зрабіць тое ж самае і сябраў БХД, і агулам беларусаў.
Газета “Народная Воля” – легенда беларускай незалежнай прэсы. Гэта адно з ключавых выданняў з рэальна бесстаронняй, прынцыповай і адначасова ўзважанай пазіцыяй. У час, калі вялікая доля гараджанаў і моладзі перайшлі да прагляду навінаў у інтэрнэце, а многія СМІ пераходзяць у “віртуал” – “Народная Воля” па-ранейшаму працуе з традыцыйнай аўдыторыяй, з тымі людзьмі, хто чытае газеты на паперы.
Напрыканцы 2016 года “Народная Воля” пачала друкаваць артыкулы, прысвечаныя 100-годдзю БХД.
Кіраўніцтва БХД заклікае падчас кампаніяў і акцыяў актыўна прапаноўваць людзям падпісвацца на газету “Народная Воля”.