Для чыстых усё чыстае

13 кастрычніка 2009 23:35  |  Артыкулы

Семдзесят гадоў “бабілёнскага” пляненьня зьнявечылі ня толькі наш народ, ператварыўшы шчырага і працавітага беларуса ў homo soveticusa, але паклалі таксама адбітак і на хрысьціянаў, каторыя пад фактарамі вонкавага ўціску сышлі ва ўнутраную эміграцыю, нявольна падзяліўшы тым сфэры жыцьцядзейнасьці чалавека на духовыя (сьвятыя) і зямныя (грахоўныя).

Да духовых было аднесена тое, што зьвязана з эвангелізацыяй і асабістым духовым удасканаленьнем, а да зямных, па вялікім рахунку, усё астатняе, бо тут і навука з эканомікаю, і СМІ з мастацтвам, ну, і канешне ж палітыка.
Ва ўладзе гэтага сьветабачаньня, якое тэоляг Дэроў Мілер называе “эвангельскай дыхатоміяй” (ад грэц. dichotomia – падзел цэлага на часткі), многія хрысьціяне ня проста апатычныя да ўсіх праяваў палітыкі самі, але і адмоўна ўспрымаюць тых, хто актыўна выказвае свкаю грамадзка-палітычную пазыцыю, асабліва калі тая вядзе да канфрантацыі з уладаю.

Прыхільнікі гэтых поглядаў абапіраюцца на словы Паўлы, які ў сваім лісьце да Рымлянаў заклікае хрысьціянаў падпарадкоўвацца ўладам:

“Хай кожны чалавек будзе пакорны вышэйшым уладам.Бо няма ўлады, як толькі ад Бога. Якія ж ёсьць, Богам устаноўлены”. (Рым. 13:1)

Чытаючы гэты верш, можна і сапраўды пагадзіцца з апалягетамі абагаўленьня нашых зямных уладароў. Пагадзіўся б і я з гэтаю думкаю, прызнаўшы нават, што маю не аднаго бацьку, а аж двух (хаця ідэя гэтая наўрадці спадабалася б майму тату), але… Але Біблія вучыць, што за падобным цытатаваньнем не заўсёды стаіць ісьціна. Прыгадаем тут выпрабаваньне д’яблам Ісуса Хрыста ў пустыні, калі сам шатан апэлюе Божым словам:

“Потым пераносіць Яго д’ябал у сьвяты горад і ставіць Яго на вільчаку сьвятыні і кажа Яму “Калі Ты – Сын Божы, дык кінься ўніз; бо напісана:”Анёлам Сваім накажа пра Цябе, каб ня выцяў моцна аб камень нагі Сваёй”. (Мц. 4:5-6)

Як бачым, сатана цытуе Біблію, каб пераканаць Ісуса ў ісьцінасьці сваіх ілжывых словаў. Але ж Гасподзь не спакушаецца гэтаю хлусьнёю, бо ён ведае, што частка праўды – таксама хлусьня. І дэманструе гэта нам, адказваючы д’яблу ў паўнаце ісьціны Божага Слова:

“Гаворыць яму Ісус: ізноў жа напісана: “Ты ня будзеш выпрабоўваць Госпада Бога твайго”. (Мц. 4:7)

Спроба д’ябла падмануць Ісуса выкарыстоўваючы Біблейскую вытрымку ёсьць сьведчаньнем для нас, што з дапамогаю Сьвятога Слова, адарванага ад катэксту, можна пацьвердзіць практычна любую чалавечую філязофію. У гісторыі яно неаднойчы так і адбывалася. Менавіта таму мы павінны разглядаць Біблейкія цытаты праз прызму ўсяго Божага Настаўленьня, узважваючы адно Слова другім, так, як гэта рабіў Хрыстос.

Узброіўшыя гэтаю ісьцінаю, вернемся да цытуемага ўрыўку з Пасланьня Паўлы да Рымлянаў:

“Хай кожны чалавек будзе пакорны вышэйшым уладам. Бо няма ўлады, як толькі ад Бога. Якія ж ёсьць, Богам устаноўлены. Дык хто супрацівіцца ўладзе, прыказаньню Бога супрацівіцца. А якія супрацівяцца Яму, нажываюць сабе асуджэньне. Бо начальнікі страшныя не дабрадзеям, але ліхадзеям. Хочаш не баяцца ўлады? Дык рабі дабро і будзеш мець пахвалу ад яе. Бо гэта слуга Божы для твайго дабра. Калі ж ліха робіш, бойся, бо не дарма меч носіць, бо гэта слуга Божы, мсьціўца на гнеў таму, хто чыніць ліха”. (Рым, 13:1-4)

Вось тут, у кантэксьце наступных вершаў 13-га разьдзелу, Паўла і дае тлумачэньне свайму загаду падпарадкоўвацца ўладзе. Яно ў тым, што начальнікі павінны падтрымліваць дабрадзеяў, а ліхадзеяў караць. А што ж рабіць нам, хрысьціянам, калі ўлада робіць усё з дакладнасьцю наадварот – адбірае будынкі ў цэркваў, арыштоўвае пастараў, перасьледуе тых, хто імкнецца супрацьпаставіць бездуховае “идеологии Белорусского государства” хрысьціянскія прынцыпы маралі?

Адказ на гэтае пытаньне знойдзем, аналізуючы стаўленьне Божых прарокаў і апосталаў да бязбожнае ўлады. Кожны, хто дасьледуе Біблію далей цытатаў, прыгадае хаця б некалькі імёнаў прарокаў Усявышняга, каторыя вялі барацьбу з адступіўшымі ад Госпада кіраўнікамі габрэйскага народу. Сярод гэтых прарокаў – Майсей, Ісус Навін, Давід, Салямон, Самуіл, Натан і іншыя. На гэта некаторыя могуць зазначыць, што ўсё тое з Запавету Старога, а мы маем Новы, каторы ўдасканаліў многія старазапаветныя ісьціны. Меркаваньне такое, канешне, памылковае, бо ў тым жа лісьце да Рымлянаў Павал піша:

“Усё, што калісьці было напісана, у павучэньне нам напісана” (Рым. 15:4а)

Але пакінем гэтую тэму па-за ўвагаю нашае гаворкі – нас цікавіць іншае. Таму саступім і зьвернем сваю ўвагу на Дасканальнейшы Запавет, Запавет Новы.
Шукаючы, куды б мне, як хрысьціяніну, скіраваць свій жыцьцёвы шлях, каб не ўхіляцца ад Напісанага і выконваць Ягоную волю, менавіта ў Гэтым, Новым Запавеце, знайшоў я вобраз чалавека, які пераканаў мяне, што стаю на правільным шляху, змагаючыся з дэспатычнаю, амаральнаю ўладаю.

Чалавек гэты – Ян Хрысьціцель, пра каторага Ўсемагутны гаворыць: “Вось, пасылаю Анёла Майго перад Абліччам Тваім, які прыгатуе дарогу Табе”. (Марк. 1:2)

Я ўяўляю сабе гэтага Вялікага Божага прарока, каторы прыйшоў, каб падрыхтаваць дарогу Божаму Сыну, каб асьвяціць “тых, што сядзяць у поцемках і ў засені сьмерці” (Лк. 1:79), таго, каму было дадзена ахрысьціць у Ярдане Самога Мэсію.

Сапраўды, складана ўявіць сабе большую ролю, якая магла б быць даручана чалавеку на гэтай зямлі, дзеля выкананьня якой “Ян заставаўся ў пустыні аж да дня свайго зьяўленьня перад Ізраілем” (Лк. 1:80). І чым больш разумееш веліч гэтага прарока, тым больш сумным можа падацца завяршэньне жыцьцёвага шляху Яна. Як апавядае Эвангельле паводле Марка, Ян забараняў цару Іраду мець за жонку Ірадыяду – жонку брата Ірада Піліпа, – і за гэта Ян Хрысьціцель быў царом увязьнены, а пазьней, па патрабаваньні дачкі Ірадыяды, цар Ірад адсёк Яну галаву (Мр. 6:16:29).

Для нашага чалавечага разуменьня, якое трывала ўмацавалася ў сьвядомасьці многіх хрысьціянаў, сьмерць гэтая можа падацца нават недарэчнаю. Цяпершнія ерархі сказалі б (і гавораць): “Не мяшайцеся ў справы зямныя!” Але ж той, каго Божы Сын называе “найвялікшым між народжаных жанчынамі” (Мц. 11:11), дакараў цара:

“дзеля Ірадыяды, жонкі брата яго, ды дзеля іншых ліхіх учынкаў, якія ўчыніў Ірад”. (Лк. 3:19)

Удумайцеся ў гэта! – той, хто прыйшоў рыхтаваць дарогу Госпаду, дакараў цара за ліхія ўчынкі! Ці многія хрысьціяне ў Беларусі займаюць такую ж прынцыповую пазыцыю да праяваў беззаконьня? Ці многія запыталіся ў “псэўдабацькі”, чаму ён не жыве з жонкаю, даючы гэтым дзесяці мільёнам суграмадзянам прыклад сямейных адносінаў? Ці многія паўсталі супраць гаранта трохразовазьмененай Канстытуцыі, калі той усхваляў Гітлера, Дзяржынскага зь Леніным ды Сталіна? На вялікі жаль – не, ня многія. Можна сказаць, адзінкі. З астатніх нехта працягвае хавацца за цытатамі, каб забясьпечыць сабе спакойнае жыцьцё і клапаціцца “справамі духовымі”. Нехта нават не задумваецца пра абавязак хрысьціяніна супрацьстаяць хлусьні і несьці людзям праўду. А нехта проста баіцца стацца “адступнікам ды сэктантам”, узьняўшы свoй голас супраць бязбожнага ўладара.

Але я перакананы – час адурманьваньня праходзіць! Надыходзіць час зразумець, што
“Для чыстых усё чыстае. Спаганеным жа і няверуючым нічога няма чыстага, але забруджаны іх думкі і сумленьне” (Ціт. 1:15)

Менавіта таму Самы Чысты – Ісус Хрыстос, на загад таго ж Ірада пакінуць межы Ерусаліма, гаворыць:

“Ідзіце і скажыце таму лісу: “Вось я выганяю дэманаў і ўчыняю аздараўленьні сёньня і заўтра, а на трэці дзень скончу. Аднак трэба, каб Я хадзіў сёньня і заўтра, і надалей быў у дарозе…” (Лк. 13:32-39а)

Якія моцныя словы, поўныя перакананасьці ў Сваім служэньні і веры ў перамогу! Давайце ж прыслухаемся да іх і мы, кожны, хто мае ў сэрцы Ісуса Хрыста ды прагне збаўленьня свайму народу. Прыслухаемся і скажам гэтаму лісу: Адыдзі! Бо трэба каб мы хадзілі сёньня і заўтра, а надалей былі ў дарозе! Трэба, каб мы несьлі добрую вестку ўсяму стварэньню!
Хрысьціяне, давайце пакаемся ў комплексе непаўнавартасьці і возьмем адказнасьць за ўласную краіну! Давайце станемся нарэшце сумленьнем нашае нацыі! Заклікам да праўды сярод хлусьні! Воклічам Веры сярод апатыі і страху! Тымі, хто рыхтуе Госпаду народ дасканалы!
І я веру, што тады сыдзе Дух Ягоны і адновіць аблічча зямлі… Гэтай зямлі!

Болей навін