Народная партыя з хрысціянскім сэрцам

02 студзеня 2017 17:10  |  Галоўныя навіны

Народная партыя з хрысціянскім сэрцам

БХД -100 ГАДОЎ

Дарагія сябры! Да стагоддзя БХД мы пачынаем публікаваць Праграму сучаснай Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, прынятую на апошнім з’ездзе. Цалкам тэкст Праграмы БХД можна чытаць тут.

НАРОДНАЯ ПАРТЫЯ З ХРЫСЦІЯНСКІМ СЭРЦАМ

Мы, беларускія хрысціянскія дэмакраты, на пачатку ХХІ стагоддзя, усведамляючы сваю адказнасць перад Богам і Бацькаўшчынай, стварылі новую палітычную сілу – партыю “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”, якая грунтуецца на хрысціянскіх каштоўнасцях, дэмакратычных прынцыпах і беларускім патрыятызме.

Мы з’яўляемся спадкаемцамі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі першай паловы ХХ стагоддзя і нашчадкамі традыцыі нацыянальнага і духоўнага адраджэння Беларусі. Арыенцірам у нашай дзейнасці з’яўляецца праца такіх беларускіх дзяржаўных дзеячоў-хрысціянаў, як Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, князі Астрожскія, Францішак Скарына, Астафій Валовіч, Леў Сапега, Язэп Руцкі, беларускія хрысціянскія дэмакраты першай паловы ХХ стагоддзя.

Дактрына “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” ўвабрала ў сябе вопыт і дасягненні БХД 1920-1930-х і 2000-х гадоў, Хрысціянска-Дэмакратычнага саюзу Нямеччыны і іншых хрысціянска-дэмакратычных партыяў Еўропы.

Партыя “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” з’яўляецца народнай партыяй і ажыццяўляе дактрыну сучаснай хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі. БХД аб’ядноўвае людзей шырокага ідэйнага спектра: хрысціянскіх дэмакратаў, прыхільнікаў цэнтрысцкай хрысціянска-сацыяльнай плыні, а таксама прыхільнікаў каштоўнаснага кансерватызму.

Мы бачым сваёй сацыяльнай базай вернікаў-хрысціянаў, моладзь, сем’і, прадпрымальнікаў, нацыянальна-арыентаваную інтэлігенцыю, інжынераў, кваліфікаваных рабочых і ўсіх, хто падзяляе палажэнні гэтай праграмы, незалежна ад рэлігійных перакананняў і сацыяльнага статусу.

На сённяшні дзень Беларусь ахоплена крызісам у эканоміцы і сацыяльнай сферы. Беларусаў пазбавілі магчымасці абіраць уладу на свабодных дэмакратычных выбарах. Беларусаў кожны год становіцца ўсё менш. Пераследуюцца і кідаюцца за краты беларускія патрыёты, у краіне зневажаюцца палітычныя, грамадзянскія і сацыяльныя правы чалавека. Беларусь перажывае крызіс маральнасці.

У гэтых умовах БХД імкнецца прыйсці да ўлады ў краіне і рэалізаваць сваю праграму. У праграме партыі прадстаўлена яснае бачанне таго, як павінна быць уладкавана дзяржаўная ўлада, эканоміка і грамадства, якую палітыку неабходна праводзіць у Беларусі ў пераходны перыяд пасля падзення аўтарытарызму, каб пабудаваць дэмакратыю, грамадзянскую супольнасць і эфектыўную рынкавую эканоміку.

БХД вызнае негвалтоўныя метады барацьбы і спрыяе кансалідацыі беларускага грамадства.

БХД імкнецца аб’яднаць беларускі народ вакол ідэяў свабоды і дэмакратыі, незалежнай дзяржаўнасці, сацыяльнай рынкавай эканомікі, правоў чалавека на цвёрдым грунце сутнасна хрысціянскіх каштоўнасцяў і нацыянальных традыцыяў.

З Праграмы БХД, прынятай 13 чэрвеня 2015 года

Болей навін