Нашы каштоўнасці. Бог
Мы верым, што сэнс чалавечага жыцця – імкнуцца да Бога, Які стварыў гэтую зямлю, Які любіць свет настолькі, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага Ісуса Хрыста на крыж у ахвяру за нашы грахі, і натхняе нас Духам Святым.
Ён стварыў сусвет разумна і дасканала і працягвае апекавацца ім (Провід). Яго Воляй з’яўляецца скіраванне чалавека да Дабра каб дасягнуў шчасця. Дзеля гэтага Ён дзейнічае ў гісторыі праз чалавека. Ён устанавіў прыродны і маральны законы. Таму гэтыя законы нязменыя і неадменныя. Ён удзяліў чалавеку ўладу – адказнасць згодна гэтым законам парадкаваць свет.
Больш за тысячагоддзе Беларусь з’яўляецца хрысціянскай краінай, часткай еўрапейскай хрысціянскай цывілізацыі. Біблія выступае для нас мерай таго, што такое ісціна, дабро, прыгажосць і справядлівасць. Гісторыя ведала шмат прыкладаў паўстання супраць таго, што ёсць ісціна, дабро, прыгажосць і справядлівасць па-хрысціянску. Многія спрабавалі даць сваю меру і тлумачэнне гэтым каштоўнасцям, многія спрабавалі палепшыць і ўдасканаліць тое, што прапаноўваецца ў Бібліі, але ўсе гэтыя спробы прыводзілі або да паўтору біблейскіх запаведзяў і прынцыпаў, або да пагаршэння іх і да памылак. Бог даў чалавеку свабоду волі, свабоду спазнання дабра і зла. Карыстаючыся гэтай воляй спазнання дабра і зла, мы прыходзім да высновы, што ўяўленні пра дабро і зло трэба не змяняць, але спазнаваць і разумець.
Многія народы, і беларусы ў іх ліку, адмаўляліся ад хрысціянства на карысць атэізму. Заўсёды гэтая адмова суправаджалася стратай ў праўдзе, дабры, прыгажосці і справядлівасці. Усе народы і кожны чалавек асобна свабодныя абіраць і веру сваю, і шлях свой. Наш выбар – хрысціянскі і дэмакратычны. У свеце квітнеюць тыя краіны і народы, што не ўхіляюцца ад хрысціянскага шляху. Свой шлях мы выбіраем самі, але правільнасць яго звяраем па Божых Запаветах.
З Праграмы БХД, прынятай 13 чэрвеня 2015 года