Лідзяне адзначылі 100-годдзе Віктара Ярмалковіча (фота)
У сядзібе Пескі пад Лідай у рамках кампаніі “Стагоддзе БХД” прайшла вечарына да 100-годдзя знанага краязнаўца, сябра Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, рэдактара “Хрысціянскай думкі”, вязня Картуз-Бярозы і ГУЛАГу Віктара Ярмалковіча.
Ушанаваць памяць Віктара Ярмалковіча сабраліся актывісты з Ліды і раёна, Бярозаўкі, Дзятлаўскага раёну, Гародні і Менску.
Вёў імпрэзу сустаршыня БХД Павел Севярынец, выступілі старэйшына дэмакратычнага руху на Лідчыне Станіслаў Суднік, маладзёвы лідар Вітольд Ашурак ды бард Сяргей Чарняк. Вечарына пачалася малітвай “Ойча наш” і скончылася дружным спевам гімну “Магутны Божа”.
Сябры БХД раздалі буклеты з інфармацыяй пра Віктара Ярмалковіча і хадэцыю, сабралі подпісы ў падтрымку тэлеканала “Белсат”, дамовіліся дамагацца перайменавання вуліцаў у гонар ахвярных герояў Беларусі 1920-1930-х гадоў. Спадар Суднік распавёў пра ўражвальныя планы па беларусізацыі лідзянаў на юбілейны год.