У Менску пачаўся збор подпісаў за перайменаванне праспекта Дзяржынскага
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя ў рамках кампаніі “100 гадоў БХД” пачала збор подпісаў у Менску за перайменаванне праспекта Дзяржынскага ў Менску ў праспект Адама Станкевіча.
Подпісы збіраюцца пераважна сярод саміх жыхароў дамоў па праспекце Дзяржынскага. Што цікава, сярод медыяў, чые рэдакцыі месцяцца “па Дзяржынскага” – Tut.by і Onliner.
– Людзі 25-50 гадоў падпісваюцца ахвотна, – кажа сустаршыня БХД Павел Севярынец, – А вось старэйшыя за 60 альбо маладзейшыя за 25 – катастрофа. “А нам Держінскій нравітся”. Раздаем інфармацыю пра Адама Станкевіча, чытаюць, здзіўляюцца, чаму пра такіх асобаў не распавядаюць па тэлевізары.
У пятніцу 6 студзеня на вечарыне да 125-годдзя Адама Станкевіча можна будзе далучыцца да кампаніі збору подпісаў. Пачатак вечарыны а 18:00, адрас – Шчорса 1, гатэль “Камфорт”.