Ільдэфонс Бобіч
Ільдэфонс Бобіч – ксёндз, адзін з пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху і заснавальнікаў БХДЗ, рэдактар “Беларуса”, доктар філасофіі, які публікаваўся пад псэўданімам “Пётра Просты”.
Нарадзіўся Ільдэфонс Бобіч 10 студзеня 1890 году ў сялянскай сям’і ў вёсцы Дзедзінка Друйскай воласці Віленскай губерніі (сёння Мёрскі раён Віцебскай вобласці). У 1909 годзе скончыў гімназію ў Коўне і паступіў у Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю, дзе далучыўся да беларускага гуртка.
З 1912 года вучыўся ў Рыме, атрымаў ступень доктара філасофіі. На аўдыенцыі з Папам Піем Х атрымаў ягонае дабраславенне для чытачоў першага беларускага хрысціянскага часопіса “Беларус”.
Быў высвечаны на ксяндза 15 ліпеня 1915 года. Удзельнічаў у знакамітым З’ездзе беларускіх каталіцкіх святароў у Менску 24-25 траўня 1917 года, дзе была заснаваная Беларуская Хрысціянска-Дэмакратычная Злучнасць.
Душпастырскую дзейнасць пачаў на радзіме, у Друі ды на Дзісеншчыне ў 1917-1920 гадах. У 1921-1923 гадах быў настаўнікам Закону Божага ў Віленскай беларускай гімназіі. З 1923 да 1930 года – пробашч у Германавічах. Пасля быў пераведзены пробашчам і дэканам у Іўе.
Друкаваўся ў хадэцкай прэсе пад псеўданімам “Пётра Просты”.
Пасля таго, як польская касцельная гіерархія забараніла ксяндзам належаць да БХД й выпісваць “Крыніцу”, адышоў ад грамадска-палітычнай дзейнасці.
У 1942-м быў арыштаваны нямецкімі ўладамі і да 1944 года ўтрымліваўся ў мясцовай турме. Падарваў там здароўе і, вызвалены, 28 красавіка 1944-га памёр.
Пахаваны Ільдэфонс Бобіч каля Петрапаўлаўскага касцёла ў Іўі.
Павел Севярынец, паводле матар’ялаў Вікіпедыі, інтэрнэту і кнігі Ю. Гарбінскага