«Мы не дапамагаем – і ты не будзеш». Улады даслалі «ліст шчасця» брату Луіджы (відэа)
Цяпер арганізатар самага вядомага ў Беларусі прытулку мусіць выплаціць дзяржаве Br 360 – грошы, за якія можа месяц карміць бяздомных.
Арганізатар прытулку для бяздомных Аляксей Шчадроў, вядомы як Брат Луіджы, атрымаў «ліст шчасця» з падатковай. Дзяржава палічыла яго дармаедам, і цяпер ён мусіць выплаціць 360 рублёў падатку.
«Нам з беднымі жыць цэлы месяц за гэтыя грошы, і той закон, што выйшаў аб дармаедстве, гэта проста абсурд. Гэта проста наша дзяржава ў пазыках, і яны пачалі драць са звычайных людзей гэтыя грошы», – кажа брат Луіджы.
Пяць гадоў Аляксей утрымлівае сваймі сіламі прытулак для бяздомнікаў. Цяпер у ім жывуць 4 чалавекі, але тут знаходзілі сабе дах над галавой нават да 30-ці асобаў адначасова.
«Чалавек працуе кожны дзень, збірае сродкі з вернікаў, са святароў, з фермераў. Дзе хто можа дапамагчы, цягне гэта ўсё ў Аляксандраўку, запрашае, возіць сам. Дзяржава ні капейкі не дае. Бяздомных мые, лекуе, дае жытло, харчуе іх. І дзяржава патрабуе з яго», – кажа Павел Севярынец.
Пастаяльцы прытулку кажуць, што такога клопату і дапамогі, як тут, ніколі нідзе не адчувалі.
«Каб не яны, то ўвогуле была б труба, – прызнаецца бяздомны Іван Швед, які цяпер жыве ў прытулку. – А так што? Гатова ўсё. Лёг, паляжаў, паеў. І зноў паляжаў».
«А то што датычыць брата, і тут нейкія прэтэнзіі да яго, то гэта настолькі несправядліва. А ведаеце чаму? Тая ўлада, якая не ў стане дапамагчы, яны топчуць гэтую асобу, гатовыя расцерці. То бок: «мы не дапамагаем, і ты не будзеш дапамагаць», – заяўляе Здзіслаў Шылько, які не мае дому, і жыве цяпер у прытулку брата Луіджы.
Бяздомнікі кажуць, што ад дзяржавы замест дапамогі бачылі толькі ціск. У час святаў іх вывозяць з гораду. У час маразоў не даюць зайсці сагрэцца на вакзалы, у крамы і іншыя цёплыя месцы. І гэты закон аб дармаедстве ўспрымаюць як здзек.
«Сам я зваршчык, нармальны разрад, працаваў 20 гадоў, і ў шахце працаваў, і паўсюдна, – кажа нам пастаялец прытулку Руслан Усцінаў. – Куды не звяртаюся – няма месцаў, няма працы. Застаецца толькі сядзець за кратамі, рабаваць. Ісці, харчавацца неяк трэба – правільна? На зіму, я ведаю, што зараз усе людзі на арышты едуць, крадуць гарэлку ў крамах спецыяльна і таму тры месяцы зімуюць там».
Бяздомныя кажуць, што ад іх аплаты падаткаў не патрабуюць, бо нават няма куды высылаць гэтыя «лісты шчасця». І абураюцца, што сацыяльным утрыманцам чыноўнікі палічылі Аляксея Шчадрова.