Стагоддзе БХД. Язэп Малецкі
12 студзеня нарадзіўся адзін з кіраўнікоў БХД, доктар, сябра Рады БНР, лідар беларусаў Аўстраліі, Язэп Малецкі.
Язэп Малецкі (1906 1982) — беларускі грамадска-палітычны дзяяч, рэдактар і выдавец, доктар медыцыны. Cябра ЦК Беларускага Народнага Аб’яднання (перайменаванай БХД), заступнік прэзідэнта Беларускай Цэнтральнай Рады па Вялейшчыне, лідар беларускай дыяспары ў Аўстраліі.
Нарадзіўся Язэп Малецкі ў в. Якужы Дзісенскага павету (зараз Мёрскі раён). Скончыў гімназію імя Сцяпаны Батуры ў Друі, пасля медычны Універсітэт Сцяпаны Батуры ў Вільні (зараз – Віленскі Універсітэт). З 1935 году працаваў доктарам у розных месцах.
Са студэнцкіх гадоў прымаў удзел у беларускім культурным і нацыянальным руху. Рэдактар і выдавец беларускіх газет, календароў, сябра Віленскага Беларускага нацыянальнага камітэту.
У 1936 годзе быў выбраны ў Цэнтральны Камітэт Беларускага Народнага Аб’яднання разам з Адольфам Клімовічам і Янам Пазняком.
З пачаткам другой сусветнай вайны вярнуўся ў Вільню, і разам з групай беларускіх дзеячаў дамагаўся таго, каб цывільную адміністрацыю на беларускіх землях узначальвалі беларусы.
З’ехаў ў Горадню, з восені 1942 ў Баранавічах. Працаваў лекарам у баранавіцкіх бальніцах, разам з іншымі беларускімі дактарамі-патрыётамі Анатолем Бярозкаю, Усеваладам Каралём, Наўмікам. Кіраўнік медыцынскай школы ў Баранавічах. Ратаваў многіх беларусаў ад пераследу немцаў і савецкіх партызанаў.
Пасля ў 1944 намеснік прэзідэнта БЦР па Вялейскай акрузе.
У 1944 годзе, баючыся савецкага пераследу, з’ехаў у Нямеччыну. У Нямеччыне стаў ініцыятарам і галоўным арганізатарам «Аб’яднання беларускіх лекараў на чужыне», рэдагаваў часопіс «Мэдычная думка».
Эміграваў у Аўстралію, дзе стаў адным з лідараў беларускай дыяспары. Атрымаў доктара медыцыны ў 1955 годзе ў Сіднэі. Быў сябрам першай управы Беларускага аб’яднання ў штаце Новая Паўднёвая Валія, дапамагаў у выданні месячніка «Новае жыцьцё ў Сыднэі».
Узначальваў федэральную раду беларускіх арганізацыяў Аўстраліі. З’яўляўся прадстаўніком Рады БНР у Сыднэі. Дапамагаў грашова як арганізацыям Аўстраліі, так і музею й бібліятэцы ў Лондане, і Беларускаму Інстытуту Навукі й Мастацтва.
У 1976 годзе ў Таронта Язэп Малецкі выдаў кнігу ўспамінаў “Пад знакам “Пагоні” – шчыры, поўны горкай праўды летапіс свайго жыцця, рэдкую крыніцу сведчанняў пра часы савецкай і нямецкай акупацыяў “знутры”.
Памёр Язэп Малецкі ў 1982 годзе ў Аўстраліі.
Алесь Адамковіч