Віншуем з днём народзінаў Максіма Гацака!
14 студзеня спаўняецца 29 год прэс-сакратару БХД Максіму Гацаку. Віншуем яго з днём народзінаў!
Максім Гацак – прэс-сакратар БХД, з 2011 года – сябра Нацыянальнай Рады БХД, з 2014 года – сябра Управы БХД, галоўны рэдактар хрысціянскага інфармацыйнага парталу Krynica.info, у 2014-2016 гадах – старшыня Супольнасці хрысціянскіх журналістаў і блогераў, з 2015 года – намеснік старшыні “Хрысціянска-дэмакратычнага руху”.
Максім Гацак нарадзіўся 14 студзеня 1988 года ў Бабруйску ў сям’і рабочага Віктара Гацака і медсястры Наталлі з Сідаровічаў Гацак. У 1994-2003 гадах навучаўся ў Славянскай гімназіі Бабруйску, у 2003-2005 – у Ліцэі БДУ ў Менску, у 2005-2010 гадах – на Факультэце міжнародных бізнес-камунікацыяў БДЭУ, 2010-2014 гадах – у Беларускім калегіюме. У 2003-2005 гадах – прызёр рэспубліканскіх алімпіяд па гісторыі, ад 2006 удзельнічаў у гульнях па “Што?Дзе?Калі?” ў складзе каманды БДЭУ “Утечка мозгов”. У 2015 годзе пераможца “Першага Беларускага Інтэлектуальнага фестывалю” ў складзе каманды “Тапінамбур”.
У журналістыцы з 2010 года, супрацоўнічаў з беларускімі інтэрнэт-парталамі Telegraf.by, БДГonline, Katolik.ru, нарвежскім Dagbladet.no, вугорскай Nemzetisport.hu, асобныя матэрыялы публікаваліся ў часопісе “Человек и Закон”, газетах “Народная воля”, “Наша Ніва”, “Свободные новости+”, “Коммерческий курьер”, “Бабруйскае жыццё” і іншае. У 2010-2011 гадах стваральнік і рэдактар сайту бабруйскай каталіцкай парафіі Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, у 2011-2014 гадах – уласны карэспандэнт з Мінску часопісу літоўскіх хрысціянскіх дэмакратаў Apžvalga. У 2014 годзе адзін са стваральнікаў хрысціянскага інфармацыйнага парталу KRYNICA.INFO, з лютага 2016 года – галоўны рэдактар.
У 2006-2007 гадах заснавальнік і кіраўнік студэнцкай Беларускай нацыяналістычнай суполкі “Назва” ў межах БДЭУ, рэдактар яе бюлетэню “Źnič”. У 2008-2010 гадах супрацоўнічаў з Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй-БНФ. 20 снежня 2010 года даслаў заяву на далучэнне да аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. З сакавіка 2011 года – прэс-сакратар БХД, са снежня 2011 года – сябар Нацыянальнай Рады БХД, з сакавіка 2014 года – сябар управы БХД. У 2012-2013 гадах і з 2016 года сябар Нацыянальнай Рады аргкамітэту па стварэнні ГА “Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты”.
З лістапада 2011 года сябар Беларускай асацыяцыі журналістаў, з красавіка 2015 года – сябар Рады БАЖ. У 2014-2016 гадах кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы “Супольнасць хрысціянскіх журналістаў і блогераў”, з 2016 года – намеснік кіраўніка. З лістапада 2015 года намеснік старшыні аргкамітэту па стварэнні РГА “Хрысціянска-дэмакратычны рух”. Ініцыятар заснавання ў Каталіцкім Касцёле Беларусі душпастырства журналістаў-каталікоў.
Сябар Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (з 2010 года) і аргкамітэту па стварэнні ГА “Краёвае згуртаванне літвінаў” (з 2014 года).
Прамоўца БХД падчас мясцовай кампаніі 2014 года і парламенцкай кампаніі 2016 года. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2015 года сябар ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў у прэзідэнты Анатоля Лябедзькі і Мікалая Статкевіча.
Жонка – фатограф Надзея са Стральцовых Гацак (нарадзілася 26 снежня 1986, Менск). Трое дзяцей.
Паводле аўтабіяграфіі