Віталь Рымашэўскі: калі ўлады не сустрэнуць супраціву, паборы будуць толькі расці

19 студзеня 2017 08:37  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі: калі ўлады не сустрэнуць супраціву, паборы будуць толькі расці

У Менску, Гародні, Магілёве беларускія хрысціянскія дэмакраты пачалі кампанію за адмену дэкрэта № 3 аб «дармаедах». Да яе ўжо далучаюцца прадстаўнікі Бабруйшчыны, Гомельшчыны, Берасцейшчыны, Меншчыны і Віцебшчыны, паведаміў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

У межах кампаніі запланаваныя збор подпісаў і правядзенне масавых акцый – пікетаў і дэманстрацый па ўсёй краіне.

«Дэкрэт аб «дармаедах» антыканстытуцыйны і парушае правы грамадзян Беларусі. Адзіная яго мэта – новыя паборы з і так збяднелага насельніцтва. Але спыніць рабаўніцтва і па гэтым дэкрэце, і ва ўсіх іншых выпадках можна будзе толькі тады, калі беларусы навучацца адстойваць свае правы. Пакуль жа, не сустракаючы супраціву, улады будуць дзейнічаць па-старому і толькі павялічваць паборы. З усіх рэгіёнаў ідуць скаргі, людзі абураюцца, але наколькі яны здолеюць дзейнічаць салідарна, каб абараніць сябе і свае сем’і, і пакажа гэтая кампанія», – адзначыў сустаршыня БХД.

Віталь Рымашэўскі заклікаў усіх неабыякавых грамадзян Беларусі далучацца да кампаніі. “Сённяшнія падаткавікі дзейнічаюць, як злачынцы, як апрычнікі, даводзячы людзей да самагубства, як гэта было ў Гомелі, каб усімі сродкамі сабраць грошы грамадзян на ўтрыманне чыноўнікаў”, – дадаў ён.

Болей навін