Месца і роля нацыянальных і канфесійных меншасцяў у Беларусі
1.5. Месца і роля нацыянальных і канфесійных меншасцяў у Беларус
1.5.1. У Беларусі, якая спрадвеку знаходзіцца на геапалітычным скрыжаванні, сумежжы цывілізацыяў і культур, нацыянальная ідэя спалучае многія этнічныя і светапоглядавыя элементы. Мы падтрымліваем усе нацыянальныя меншасці краіны ў іх праве ствараць шматаблічнасць беларускага грамадства. Беларусь усёй сваёй гісторыяй сцвярджае ідэал верацярпімасці і ўзаемапавагі ў суіснаванні розных народаў і рэлігіяў.
1.5.2. Мы падкрэсліваем, што ідэя стварэння нацыянальнага руху ў нашым разуменні ніяк не азначае дыскрымінацыі нацыянальных ці канфесійных меншасцяў, а наадварот, адкрывае ўсім грамадзянам Беларусі, незалежна ад іх паходжання, нацыянальнасці ці веравызнання, магчымасць для паўнавартаснага ўдзелу ў грамадскім жыцці. БХД павінна праявіць сваю салідарнасць з усімі нацыянальнымі супольнасцямі Рэспублікі Беларусь у іх правах.
1.5.3. БХД лічыць, што распальванне нацыянальнай нянавісці, дыскрымінацыя грамадзян паводле этнічных і расавых прыкмет несумяшчальная з хрысціянскімі прынцыпамі і павінна карацца законам.
З праграмы БХД “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай 13 чэрвеня 2015 года.