Ад жыхара Мёраў, які амаль не можа хадзіць, патрабуюць платы за “дармаедства”
Ад жыхара Мёраў Івана Грэцкага, які практычна не можа хадзіць, патрабуюць выплаты падатку на “дармаедства”. Пра гэта прэсавай службе Беларускай хрысціянскай дэмакратыі паведаміў мясцовы актывіст БХД Валер Валажонак.
Па словах актывіста, чалавек, якога запісалі ў дармаеды, ужо гадоў дзесяць можа літаральна толькі паўзці. Жыве ён з больш чым 90-гадовай маці, у якой ампутаваная нага і за пенсію якой яны разам існуюць.
“Групы па інваліднасці ў яго няма. Нічога яму не даюць, хоць ён не можа і хадзіць. І вось гэты даведзены да адчаю чалавек збіраецца плаціць падатак з пенсіі сваёй маці-інваліда”, – адзначыў Валер Валажонак.